Новыя акалічнасці ў судовай справе Юрася Беленькага
Суд над сябрам Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ Юрасём Беленькім працягнецца 24-га снежня. Яго звінавачваюць у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства. Гаворка ідзе пра мітынг ва ўрочышча Курапаты на Дзяды, які адбыўся 2-га лістапада. Нібыта Беленькі правёў мітынг, не прыняўшы належных мераў па ахове грамадскага парадку. Напярэдадні ў судзе Менскага раёна заслухалі сведкаў і выявілася “абсурдная сітуацыя” – адзначае палітык:
– Пратакол складзены на мяне як арганізатара. А арганізатарм выступіла партыя. Таму тут неадпаведнасць у самым галоўным. Я ўвогуле не мушу быць прыцягнуты да адказнасці як арганізатар, бо фактычна ім не быў. А па-другое, гэты пратакол складзены незаконна. І трэба было б суду ў адносінах да супрацоўніка міліцыі нейкія захады рабіць. Таму нейкая разгубленасць у іх была.
У выніку суддзя пастанавіла перанесці разгляд справы на наступны тыдзень. Юрася Беленькага за апошнія месяцы судзяць ужо паводле трэцяга адміністрацыйнага пратакола. Раней яго судзілі за арганізацыю дазволеных уладамі шэсця ў Курапаты другога лістапада і ў Лошыцкім Яры – дзявятага лістапада. Два суды аштрафавалі палітыка на 20 і 30 базавых велічыняў адпаведна.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота telegraf.com.ua