Перавагі і недахопы Дзям’яна Лепясевіча



Берасцейцы, якія пратэстуюць супраць пабудовы акумулятарнага завода, заявілі пра намер аб вылучэнні аднаго са сваіх лідараў на прэзідэнцкіх выбарах. Гаворка ідзе пра актывіста Дзям’яна Лепясевіча. Пра гэтага чалавека мала інфармацыі ў Інтэрнэце. Ён не абапіраецца на апазіцыйныя структуры. У інтэрв’ю блогеру Аляксандру Кабанаву будучы прэтэндэнт выглядае спакойным і разважлівым чалавекам, які гаворыць, што ўсе далейшыя дзеянні будуць залежыць ад калектыўнага рашэння. Сама меней такі крок берасцейца выглядае вельмі моцным ходам абаронцаў экалогіі, якія адчаіліся ўжо змагацца супраць шкоднага завода. Але, хто ведае, вылучэнне такога нечаканага прэтэндэнта насамрэч можа істотна паблытаць карты праўладных паліттэхнолагаў-арганізатараў прэзідэнцкіх выбараў.

Заява пра магчымы ўдзел у выбарах Дзям’яна Лепясевіча – новае слова ў беларускай палітыцы, якая, здаецца, нікога ўжо даўно не здольная здзівіць нечаканасцямі. Усе ролі распісаныя загадзя, вынікі вядомыя. Але якраз у гэтым і слабасць сістэмы. Любое нешаблоннае дзеянне можа выклікаць эфект даміно. Хоць мы і не ведаем нічога пра сапраўдныя намеры Дзям’яна Лепясевіча, але яго ўжо можна павіншаваць з першай удачай: тэма будаўніцтва шкоднага завода выходзіць на нацыянальны ўзровень. Так грамадзяне выкарысталі ўмоўны рытуал для таго, каб дыктаваць свой парадак дня.

У “вылучэнца” ад ініцыятыўнай групы супраць акумулятарнага завода ёсць шэраг пераваг, калі параўноўваць яго з вядомымі апазіцыйнымі палітыкамі. Па-першае, за гэтым чалавекам не цягнецца шлейф электаральных паразаў. Па-другое, ён стаў даволі вядомым менавіта спрабуючы вырашыць набалелую для берасцейцаў экалагічную праблему. Па-трэцяе, ягоны пераслед з боку праваахоўных органаў выклікае пачуццё эмпатыі і салідарнасць. Знешні выгляд гэтага чалавека – таксама ідэальны для выбарца: спакойны, інтэлігентны і акуратны ў выразах чалавек. Такая сабе рэінкарнацыя Сямёна Домаша – аднаго з найбольш паспяховых апазіцыйных кандыдатаў за ўсю гісторыю супрацьстаяння Аляксандру Лукашэнку. Пры правільным пазіцыянаванні і пісьменнай працы ініцыятыўнай групы, а таксама пры атрыманні падтрымкі з боку дэмакратычных партый і аб’яднанняў гэты прэтэндэнт можа дасягнуць многага.

Аднак прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла Дзям’ян Лепясевіч мае таксама і шэраг недахопаў. Па-першае, ён не мае вялікіх рэсурсаў, каб арганізаваць эфектыўную агульнанацыянальную кампанію. Па-другое, адсутнасць яснай палітычнай платформы і праграмы робіць яго даволі рызыкоўным прэтэндэнтам не толькі для ўладаў, але і для дэмакратычнай грамадскасці. Мы нічога не ведаем пра ягоныя погляды на найбольш важныя пытанні, якія хвалююць грамадства. Па-трэцяе, не можа не насцярожваць той факт, што Дзям’ян Лепясевіч не з’яўляецца сябрам палітычнай партыі альбо аб’яднання, якія маглі б у пэўнай ступені кантраляваць яго ў працэсе выбарчай гонкі ці ўплываць у разе гіпатэтычнай перамогі. Разам з тым, сам факт удзелу ў выбарах грамадзяніна, які доўгія гады дыстанцыяваўся ад палітыкі, — вельмі красамоўнае сведчанне сітуацыі ў грамадстве, калі, здаецца, на зачышчаным полі з’яўляюцца новыя парасткі палітычнай актыўнасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ