Дзяніс Урбановіч аштрафаваны за непадпарадкаванне міліцыі
Актывіст Дзяніс Урбановіч 26 лютага аштрафаваны судом Менскага раёна на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў).
Урбановіч прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (арт. 23.4 КоАП ), паведамляюць праваабаронцы. Інцыдэнт адбыўся 23 лютага каля рэстарана „Поедем поедим” у Курапатах, дзе праходзяць акцыі супраць працы забаўляльнай установы каля месцаў масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Урбановіч быў затрыманы 25 лютага. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёна.
Увечары 16 лютага ў Курапатах каля рэстарана актывіста збіў аўтамабіль. Тады некалькі чалавек дзяжурылі каля рэстарана. Яны інфармавалі людзей, якія прыязджалі ў забаўляльную ўстанову, пра тое, што ў Курапатах знаходзіцца нацыянальны некропаль, у гэтым месцы праходзілі масавыя расстрэлы ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Аўтамабіль, які збіў Урбановіча, ехаў на вялікай хуткасці, і актывіст не паспеў ухіліцца. Ён упаў на асфальт і стукнуўся галавой. Кіроўца аўтамабіля пры гэтым нават не спыніўся і пакінуў месца ДТЗ. Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца здарэння, затрымалі вадзіцеля, склалі пратакол, забралі ў яго правы, а таксама правялі следчы эксперымент, каб разабрацца ў сітуацыі.
Хуткая дапамога забрала Урбановіча ў бараўлянскую раённую бальніцу, дзе яму знялі боль, зрабілі рэнтген і МРТ галавы. Пераломаў і цяжкіх траўмаў у актывіста не выявілі, дыягнаставалі толькі ўдары, сказаўшы, што ўсё будзе добра.
17 лютага Урбановіч паехаў у Следчы камітэт, каля якога яму стала дрэнна, была выкліканая хуткая дапамога. У выніку ў той жа дзень яму наклалі шыйна-плечавы гіпс у сувязі з вельмі моцнымі ўдарамі шыі, пляча і рукі. Медыкі загадалі актывісту насіць гіпс тры тыдні.