Музычная лекцыя



Усім вядома, што многія людзі падобныя паміж сабой, існуюць пэўныя тыпы знешнасці: агульныя рысы асобы, падобны целасклад.

Нядаўна я прыдумала сабе забаву: асацыяваць людзей з музычнымі інструментамі. Як аказалася, гэта вельмі займальны занятак. Падабенства можа заключацца не толькі ў знешніх дадзеных, але і ў манеры падаваць сябе, ў тэмбры голасу і жэстах.

Слухаючы лекцыю, я зусім яе не чую. Затое бачу, як у аўдыторыю заходзяць віяланчэлі, скрыпкі, трубы… Вось, ледзь уціснуўся раяль ў чорным касцюме з белай кашуляй. Яму тэрмінова неабходны наладчык. У раяля надламаны голас, напэўна, трэснула дэка. Гэта стары раяль, ён грае свае лекцыі ўжо не адзін дзясятак гадоў. Колькі пар рук краналі яго клавішы, але ён працягвае блішчаць і здольны стрэсваць з сябе пыл.

Увайшла флейта і палілася мелодыя: тонкая, цягучая і салодкая, як мёд. Раптам яе спевы перапыняе строгі і дзелавіты фагот. Ён вельмі кансерватыўны. Ён не церпіць ніякіх крокаў направа-налева. Але і педантычны фагот не можа выстаяць перад цурчаннем некалькіх скрыпак. Яны маладыя, гарэзныя, стройныя. Ой, што гэта? У адной з скрыпак зламіўся смычок. Астатнія запішчалі яшчэ званчэй, яшчэ весялей.

Выпадкова заўважаю, што ў куце лекцыйнай залы сядзіць арфа – велічная і сумная. Той, пра каго яна сумуе, – малы і эгаістычны саксафон – аддаў перавагу какетцы гітары з ускудлачанымі струнамі.

Але, на жаль, у майго аркестра няма дырыжора – бо я яшчэ толькі вучуся. Зараз я збяру ў заплечнік сшыткі і пабягу на спатканне са сваім кантрабасам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ