Беларусь павялічыла экспарт і імпарт паслуг



Паводле звестак Белстата, у 2018 годзе экспарт паслуг, разлічаны па метадалогіі плацежнага балансу, склаў 8 млрд 720,8 млн долараў ЗША і ў параўнанні з 2017 годам павялічыўся на 11,2%. 

Імпарт паслуг вырас на 12,5% да 5 млрд 375,1 млн долараў. Станоўчае сальда склала 3 млрд 345,7 млн долараў (у 2017 годзе — 3 млрд 61,8 млн).

З агульнага аб’ёму экспарту паслуг Беларусі ў 2018 годзе на долю краін ЕАЭС прыходзілася 26,4% (пры гэтым на долю Расеі — 25,1%), краін ЕЗ — 45,1%, астатніх краін — 28,5%. Імпарт з краін ЕАЭС склаў 34,3% агульнага аб’ёму імпарту (пры гэтым з Расеі — 33,3%), краін ЕЗ — 38,7%, астатніх краін — 27%.

Экспарт транспартных паслуг вырас на 11,3% да 3 млрд 845,7 млн долараў, імпарт — на 14,5% да 1 млрд 774,7 млн. Пры гэтым экспарт паслуг аўтамабільных перавозак вырас на 16% да 1 млрд 306,1 млн долараў, імпарт — на 19,6% да 668,3 млн долараў.

Экспарт будаўнічых паслуг знізіўся на 8,5% да 820,5 млн долараў, імпарт — вырас на 14,7% да 1 млрд 22,2 млн долараў.

Экспарт камп’ютарных паслуг павялічыўся на 31,4% да 1 млрд 585,6 млн долараў, імпарт — на 22,7% да 135,6 млн долараў.

Экспарт тэлекамунікацыйных паслуг вырас на 5,7% да 248,1 млн долараў, імпарт — на 20,3% да 147,1 млн долараў.

Экспарт паслуг у галіне архітэктуры, інжынерных і тэхнічных паслуг павялічыўся на 17,1% да 97,8 млн долараў. Імпарт гэтых паслуг вырас на 1,7% і склаў 128 млн долараў.

Экспарт паслуг аперацыйнага лізінгу вырас на 0,4% да 114,9 млн долараў, імпарт — знізіўся на 19,4% да 81,6 млн долараў.

Экспарт у галіне выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці павялічыўся на 87,2% і склаў 65,7 млн долараў, імпарт вырас на 12,9% да 177,3 млн долараў.

Экспарт фінансавых паслуг павялічыўся на 29,7% да 37,1 млн долараў, імпарт — на 5% да 281,5 млн долараў.

Экспарт паслуг у галіне рэкламы, маркетынгу, арганізацыі выстаў вырас на 19,2% і дасягнуў 200,2 млн долараў, імпарт павялічыўся на 59,7% да 99,8 млн долараў.

Па долі экспарту ў агульным аб’ёме лідзіруюць транспартныя (44,1%) і камп’ютарныя (18,2%) паслугі, імпарту — транспартныя (33%) і будаўнічыя (19%).

Беларускі экспарт паслуг можна значна павялічыць за кошт развіцця лаўкостараў, прыватнай медыцыны і адукацыі. Такое меркаванне раней выказалі БелаПАН незалежныя эканамісты. Яны перакананыя, што ў сектары транспартных, адукацыйных і медыцынскіх паслуг тоіцца „гіганцкі рэзерв”.

БелаПАН