Менчуку даслалі псіхатроп пад выглядам гарбаты



Супрацоўнікі Менскай рэгіянальнай мытні на мытным пасту Нацыянальнага аэрапорта Менск выявілі факт перамяшчэння ў міжнародным паштовым адпраўленні небяспечнага псіхатропнага рэчыва ў буйным памеры — травы эфедры, гаворыцца ў паведамленні мытні.

Пасылка была адпраўлена з Кітая на адрас 34-гадовага менчука. У мытнай дэкларацыі адпраўнік заявіў аб перамяшчэнні гарбаты.

Пасля надгляду паштовага адпраўлення дзве празрыстыя ўпакоўкі з сухой расліннай масай зялёна-жоўтага колеру агульнай вагой каля 500 грамаў мытнікі накіравалі на экспертызу.

Эксперты ўстанавілі, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва расліннага паходжання, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах, — трава эфедры. Для гэтага забароненага рэчыва буйным памерам прызнаецца колькасць агульнай масай большай за 30 грамаў.

Па факце незаконнага перамяшчэння небяспечнага псіхатропнага рэчыва Менскай рэгіянальнай мытняй распачатая справа па ч. 2 арт. 328-1 КК. Матэрыялы справы перададзеныя ва ўпраўленне Следчага камітэта па Менску.

belapan.by