Надвор’е і выбары
З таго часу, як я стаў гарадскім жыхаром, і ажно па сённяшні дзень ніяк не магу разгадаць адной таямніцы, звязанай з натурай гарадскога чалавека. А менавіта чаму ў гарадскіх людзей такая звыш падвышаная цікаўнасць да прагнозу надвор’я. Здавалася б, мусіць быць усё наадварот. Вясковец больш залежыць ад капрызаў маці прыроды, бо ўвесь час знаходзіцца з ёй у рэжыме прамога ўзаемадзеяння. Жыхар жа каменнага гораду сядзіць сабе ў цёплай кватэры з цэнтральным ацяпленнем, і выходзіць на вуліцу толькі каб сесці ў свой асабісты або грамадскі транспарт і даехаць на ім да працы, дзе тэмпературны рэжым цалкам адпавядае хатняму з розніцай у адзін два градусы туды сюды. Ну і на галаву не капае, незалежна ад таго, што там за вакном, дождж ці снег, лістапад ці завіруха, сонца ці бліскавіцы.
Ды вось дзіва! У вяскоўца тэрмометр вісіць на вакне хіба што для прыгажосці. Бо ён на гэты цуд навукі за год можа ні разу і не глянуць. А вось гараджанін штодзённа правярае надвор’е па мабільных прыладах, пасля па тэрмометры, затым спытае ў іншых і ніколі не пераключыць канал тэлевізара на другі, калі па гэтым ідзе прагноз надвор’я.
У беларускай жа рэчаіснасці ёсць яшчэ адна таямніца, якую па свайму характару хочацца параўнаць з нездаровай падвышанай цікавасцю гараджаніна да прагнозу надвор’я. І таямніца гэтая гэтак жа сама застаецца неразгаданай з пункту гледжання псіхалогіі і ўвогуле загадкавасці чалавечай, а ў гэтым выпадку беларускай натуры. Я маю на ўвазе выбары. Ці дакладней сказаць, так званыя выбары. Вось толькі кіраўнічка Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Рэспублікі Беларусь Лідзія Ярмошына заварушылася, як уся цікавасць палітычна заангажаванай супольнасці пераключылася туды. Цікава, маўляў, што яна скажа?! На калі абвесціць выбары і якія?! Ці будуць парламенцкія выбары ў Беларусі праходзіць разам з прэзідэнцкімі, ці іх развядуць па розных кутах як баксёраў пасля гонгу?!
Хочацца спытаць, а якая вам розніца? Ці можа каму яшчэ невядома хто застанецца пры ўладзе пасля выбараў? А можа сумна жыць стала без арыштаў, пераследаў, АМАПаўскіх дубінак і ветлівых усмешак кандыдатаў ад апазіцыі з-за кратаў?! Ну вось якая розніца што там за надвор’е за вакном для чалавека, які выходзіць з кватэры з тэмпературай 22 градусы па цэльсію, прыязджае на працу дзе тэмпература зноў жа 22 градусы, і дабіраецца туды на аўтамабілі, у салоне якога ўсё тыя ж 22 градусы? Якая розніца, калі будуць выбары для чалавека, які дакладна ведае, што пасля выбараў ён прачытае ў спісе пераможцаў усё тыя ж самыя прозвішчы, якія былі там і да выбараў?
Мне здаецца, што гараджаніна мусіць цікавіць не тое, што за вакном, а колькі каштуюць паслугі, якія дазваляюць яму ўвесь час знаходзіцца ў тэмпературным рэжыме 22 градусы па цэльсію, з уключаным тэлевізарам, інтэрнэтам і халадзільнікам. Раз ён бяссільны ўплываць на надвор’е ў прынцыпе, то ўплываць на кошты паслуг ЖКГ нейкім чынам можна. Хаця б з таго боку, каб яны цябе не надурылі! Праверыць квіткі, хаця б! І гэта прынясе значна больш карысці, чым татальны і бесперапынны кантроль за прагнозам надвор’я. Вось нешта падобнае і ў палітыцы. Напэўна трэба задумацца на што мы можам рэальна паўплываць і ствараць сабе мажлівасці для такога ўплыву, а не пераключаць усю ўвагу на ўжо прайграныя ў бліжэйшай будучыні выбары.
Ну а для тых, хто не зразумеў пра што я тут нагрызмоліў, або ў прынцыпе не пагаджаецца з маімі высновамі паведамляю, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на такім доўгачаканым многімі палітыкамі з’яўленні на людзях паведаміла, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць не пазней чым 30-га жніўня 2020-га году. А парламенцкія не пазней чым 6-га верасня 2020-га года. Ну і што вам гэта дало? Здаецца і без яе гэта ведалі.
А яшчэ яна паведаміла, што згодна з заканадаўствам не ЦВК вызначае дату, а зусім іншы чалавек. Ну дык і гэта было вядома. Нават каб заканадаўства і патрабавала б ад таго ЦВК вызначэння гэтай даты, то і тады мы ведалі б, што не яно вызначае.
Ну а надвор’е на бліжэйшы тыдзень прагназуюць даволі цёплае для гэтай пары году. Сам правяраў па мабільных прыладах, глядзеў па тэрмометры, пытаўся ў знаёмага і бачыў па тэлевізары.
Віктар Сазонаў