У Менгарвыканкама пакуль няма грошай для рэстаўрацыі Асмалоўкі
У Менгарвыканкама пакуль няма грошай для рэканструкцыі і рэстаўрацыі мікрараёна Асмалоўка, паведаміла 27 лютага на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст аддзела гістарычнай забудовы і добраўпарадкавання камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Святлана Барысевіч.
„Праекта я не бачыла, але ведаю, што пакуль нічога там рабіцца не будзе. Грошай на рэканструкцыю і рэстаўрацыю пакуль не выдзяляецца. Рашэнне аб прысваенні кварталу статусу гісторыка-культурных каштоўнасцяў нядаўна ўвайшло ў сілу. Гэта значыць ніякіх спробаў зараз там пераўтварыць рабіцца не будзе”, — сказала Барысевіч.
Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір патлумачыла, што дамы, якія ўваходзяць у мікрараён, цяпер знаходзяцца пад аховай, пад аховай іх архітэктурная асаблівасць. „Запэўніваю, што не будуць зносіцца дамы, у якіх нават толькі фасады знаходзяцца пад аховай”, — запэўніла яна.
Як паведамлялася, сталічная Асмалоўка ўключаная ў зону аховы будынкаў, якім прысвоены статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў трэцяй катэгорыі, на падставе пастановы Мінкультуры № 68. Дакумент, падпісаны міністрам Юрыем Бондарам 12 лістапада 2018 года, 15 студзеня быў афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакументам зацверджаны пералік будынкаў з ахоўным статусам і праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў у межах вуліц Старавіленская — Кісялёва — Багдановіча — праспекта Машэрава — вуліц Чычэрына — Кісялёва — Куйбышава — Пашкевіч — Багдановіча — Камуністычная.
Непасрэдна дамы ў Асмалоўцы гісторыка-культурнай каштоўнасцю не сталі, але той факт, што яны размешчаныя ў ахоўнай зоне забудовы, прызнанай каштоўнасцю, выключае магчымасць іх зносу.
Асмалоўка — раён гістарычнага цэнтра горада, два невялікія кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычная, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча і разрэзаныя вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х да пачатку 1950-х гадоў, менскі архітэктар Міхаіл Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў штаба Беларускай ваеннай акругі.
Некалькі гадоў таму мясцовыя жыхары збіралі подпісы ў падтрымку прапановы прысвоіць Асмалоўцы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пытанне ўзяло на разгляд Міністэрства культуры. Аднак у лістападзе 2016 года Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры адклала абмеркаванне па Асмалоўцы да падавання ўладамі дэталёвага плана развіцця квартала. У ліпені 2017 года адміністрацыя Цэнтральнага раёна Менска не падтрымала праект дэталёвай планіроўкі Асмалоўкі, які прадугледжваў знос старых будынкаў.