Паляванне на блогера Аляксандра Кабанава



Блогер з Бярозы Аляксандр Кабанаў апошнім часам стаў пастаянным аб’ектам для затрымання берасцейскімі і бярозаўскімі міліцыянтамі.

Затрымліваюць на тры гадзіны без сур’ёзных падстаў. Сам блогер лічыць, што прычына палявання на яго не толькі ў актыўнасці падчас «кармлення галубоў» на плошчы ў Берасці, адкуль ён вядзе стрым. Кажа Аляксандр Кабанаў:

– Вось гэтае паляванне на мяне нашых «праваахоўных органаў» я магу звязаць толькі з адным, і адназначна не з пратэстам супраць акумулятарнага завода, бо ён праходзіць і без мяне, у прынцыпе. Мяне затрымалі раз, другі, каб я туды не даехаў. Справа значна глыбейшая. Лукашэнка нядаўна на ўсю краіну сказаў, што пачынаюцца палітычныя кампаніі, альтэрнатыўнага меркавання нідзе не павінна быць.

Паводле Аляксандра Кабанава, у Берасці адзін з лідараў супраціву шкоднаму заводу Дзям’ян Лепясевіч выказаў гатоўнасць паўдзельнічаць у бітве за крэсла прэзідэнта. Прадпрымальнік Лепясевіч ніколі не быў у апазіцыі, але за год змагання ўбачыў, што далей жыць у такой краіне нельга ніяк. Гэта было рашэнне не столькі Лепясевіча, колькі ініцыятыўнай групы праціўнікаў завода, якая ў Берасці заваявала давер і павагу гараджан. Цяпер гэта галаўны боль улады.

Беларускае Радыё Рацыя