Берасцейцы хочуць ведаць, чым займаюцца „народныя абраннікі”
Берасцейская грамадская арганізацыя “За свой горад”, якая арганізавала кампанію “Знайдзі дэпутата”, змагаецца ў Лунінцы і Бярозе за магчымасць прысутнічаць на сесіях раённых саветаў дэпутатаў. У гэтых райсаветах па надуманых прычынах у парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і закона па самакіраванні сябрам арганізацыі Таццяне Тарасевіч і Анатолю Прышчыку было адмоўлена прысутнічаць на сесіях.
Адмова ў Бярозе была абскарджана ў Берасцейскім абласным савеце, кажа Валянцін Лазарэнкаў:
– Абласны Савет напісаў, што ніякіх праблем там не было. Гэта мы выдумляем, каб хацелі, то маглі б папрысутнічаць на сесіі. Сесія была адкрытая, і ніхто не забараняў там быць.
Паводле кіраўніка арганізацыі Ігара Маслоўскага, Лунінец не палічыў патрэбным нават адказаць, чаму не дазволілі прысутнічаць на сесіі.
Парушэнне рэгламенту таксама абскарджана ў абласным райсавеце:
– Мы просім вышэйстаячую інстанцыю – Берасцейскі абласны Савет – адмяніць усе рашэнні, якія былі прынятыя на гэтай сесіі.
Калі не ўдасца дамагчыся законнасці ў межах вобласці, запыт будзе накіраваны ў Палату прадстаўнікоў. Каб сябры арганізацыі змаглі прысутнічаць на сесіях і даводзіць да людзей, чым займаюцца так бы мовіць „народныя абраннікі”, прозвішчы якіх людзі нават не могуць успомніць, – гавораць актывісты.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя