Рэканструкцыя памежнага пераходу ў Кузніцы
Адбываецца рэканструкцыя чыгуначнага беларуска-польскага памежнага пераходу Брузгі-Кузніца.
Ужо ў лістападзе гэтага года на польскім баку з’явіцца сканер для рэнтгенаўскага прасвечвання цягнікоў. Гэта зможа палепшыць бяспеку на вонкавай мяжы Еўразвязу. Размова ідзе перадусім пра барацьбу з кантрабандай цыгарэт, алкаголю ды наркотыкаў. Кошт гэтай інвестыцыі складае 18.5 мільёна злотых, а грошы паходзяць з бюджэту польскай дзяржавы. Паралельна на іншых пераходах беларускі бок таксама праводзіць мадэрнізацыю, кажа дырэктарка дэпартаменту інфраструктуры Падляшскай ваяводскай управы Эва Стаховіч:
– Беларускі бок рэалізуе свае два праекты. Будзе пабудаваны сканер для прасвечвання грузавога транспарту ў Баброўніках. Другі праект прадугледжвае паляпшэнне тэхнічнага кантролю мытнымі службамі на ўсіх памежных пераходах.
Гэта не ўсе інвестыцыі на беларуска-польскім памежжы. Разбудоўваецца дарожны пераход у Кузніцы. Да 2020 года ўзнікнуць тут 4 паласы руху ў адзін бок. Паралельна вядзецца разбудова пераходу па беларускім баку ў Брузгах. Тут за грошы Еўразвязу таксама пашыраць поласы руху да чатырох у адзін бок.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота isokolka.eu