Віцебскі мастак уратаваў графіці з партрэтам Марка Шагала



Некалькі дзён таму  графіці  папсавалі:  нехта, узяўшы балончык з фарбай,  напісаў непрыстойнае слова на партрэце мастака – ураджэнца Віцебску. Работнікі камунальнай службы ўжо збіраліся выправіць сітуацыю па-свойму – зафарбаваць непрыстойшчыну разам з выявай Марка Шагала. Але мастак Юрый Дубоўскі наважыўся ўзяцца за рэстаўрацыю.

Юрый Дубоўскі калісьці пачынаў працаваць у жанры стрыт-арту разам з аўтарамі “шагалаўскага” графіці – мастацкім дуэтам  StreetSkills. Зараз Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін жывуць у Сочы, яны даведаліся пра акт вандалізму з інтэрнэту і патэлефанавалі віцебскаму сябру з просьбай дапамагчы.

Дзейнічаць трэба было аператыўна, бо работнікі ЖКГ  ужо былі гатовы перафарбаваць сцяну трансфарматарнай  падстанцыі, знішчыўшы партрэт.

– Каб не гэтае непрыстойнае слова, яны, можа і пачакалі б. Але ж тут побач школа і музычны каледж, таму камунальнікі  спяшаліся. Я таксама спяшаўся: узяў фарбы ў бацькі Глеба Каштанава  – яны там знаходзіліся на захаванні. Працаваў некалькі гадзін, але справіцца за адзін дзень  не атрымалася – скончылася чорная фарба. Я распавёў журналістам, што трэба набыць яшчэ фарбы, каб завяршыць працу. І тут высветлілася, што за гісторыяй  з партрэтам Шагала сочыць амаль увесь Віцебск! Людзі пачалі прапаноўваць дапамогу – даць грошы або набыць фарбу, – распавёў мастак.

Балончык фарбы прынесла і супрацоўніца музею Марка Шагала. Сказала, што гэта “ад калектыва”, абуранага бязглуздым  вандалізмам.  Пакуль Юрый Дубоўскі працаваў, да яго падыходзілі жыхары бліжэйшых дамоў па вуліцы Суворава. Адзін з іх распавёў, што ягоная жонка і сама спрабавала памыць партрэт, але надпіс не змываўся.

– Калі табе не падабаецца жывапіс Шагала, і ты вырашыў прадэманстраваць гэта, напісаўшы брыдоту, то зрабі і стой побач! Май смеласць адказваць за свой учынак. Інакш ты звычайны хуліган! – гаворыць Юрый Дубоўскі.

Выяву на сцяне ён аднавіў паводле арыгінальнага фотаздымка Марка Шагала, якім карысталіся стваральнікі графіці. Бо аднавіць па ўзоры ўжо зробленага малюнка складана:  у мастакоў адрозніваецца тэхніка, дый фарбы падабраць дужа праблематычна. Але галоўнае – зроблена: у Віцебску па-ранейшаму існуе турыстычны і мастацкі аб’ект, да якога не сорамна прывесці гасцей, што прыязджаюць на малую радзіму славутага мэтра.

Тым часам віцебская міліцыя, адрэагаваўшы на шматлікія публікацыі ў СМІ, усё-ткі пачала  праверку па факце вандалізму і шукае вінаватых.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота аўтаркі