Яраслаў Раманчук: Не рэфармаваўшы эканоміку, можна згубіць суверэнітэт
Беларусь звярнулася да Расеі з просьбай выдзеліць крэдыт для рэфінансавання ранейшых пазыкаў ад яе ж. Па словах эканаміста Яраслава Раманчука, перад Лукашэнка стаіць дылема – альбо паскарэнне рынкавых рэформаў і ператварэнне беларускай эканомікі ў народную, каб гэта была прыватная ўласнасць беларусаў, альбо далейшае падзенне у даўгавую яму з Расеяй і абвастрэнне небяспекі страты суверэнітэту.
Кажа Яраслаў Раманчук:
– Некаторыя сябры ўраду сведчаць пра тое, што яны гатовыя да таго, каб рухацца па шляху рэформаў, і быццам ёсць разуменне, перш за ўсё з Нацыянальнага банку. І некаторыя віцэ-прэм’еры схільныя да таго, каб рэалізаваць рынкавыя рэформы, зрабіць нават малую ці сярэднюю прыватызацыю. Але, на жаль, ёсць у краіне магутныя кланы і групоўкі, якія супраць гэтага. Перш за ўсё гэта сілавы блок. Дзяржаўнае кіраванне само загнала сябе ў такую пастку, з якой добрага выйсця для Беларусі, для ўлады, мяркую, і для прадпрымальнікаў, для людзей, няма. Трэба будзе плаціць за тыя эксперыменты, якія ставіліся над намі апошнія 25 гадоў.
Масква разглядае крэдыты як моцны сродак уздзеяння на саюзніка. Для Расеі 10 млрд даляраў гэта не вялікая сумма, а для Беларусі 10 гадоў таму дзяржаўны доўг да валавага унутранага прадукту складаў каля 15 % ВВП. Сёння, па падліках Міжнароднага валютнага фонду, доўг перавышае 50 адсоткаў ВВП. Па сутнасці Беларусь змарнавала дзясяткі мільярдаў крэдытных даляраў.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя