Лукашэнка: 98% беларусаў прагаласуюць супраць уваходжання ў склад Расеі (абноўлена)



Сёння ў Менску праходзіць „Вялікая размова з прэзідэнтам”. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, мэта сустрэчы — „даць аб’ектыўную ацэнку ў дачыненні да тэм, якія найбольш абмяркоўваюцца, якія хвалююць людзей і грамадства”.

Паводле яго слоў, трэба пачуць народ, уладу, прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай медыйнай супольнасці, экспертаў розных сфер. „Усё, што сёння прагучыць, стане асновай для падрыхтоўкі паслання прэзідэнта парламенту і народу”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні прадстаўнікоў СМІ, сярод запрошаных –  і незалежныя рэсурсы. Жывая трансляцыя вядзецца дзяржаўным радыё і тэлебачаннем. Мікрафон, між іншымі, атрымаў і журналіст “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук, які ўзгадаў пытанні з мінулай сустрэчы:

– Гаварылі, што мы вымушаныя выходзіць у эфір з Варшавы, таму што тут, у Беларусі, нам не даюць хвалі FМ. Вы тады яшчэ паднялі спадарыню Ананіч, тагачаснага міністра інфармацыі, і сказалі…

Лукашэнка: Я памятаю.

– З таго часу нібыта да нас прэтэнзій няма. Закон мы не парушаем.   А хвалі так і не атрымалі.

Лукашэнка: Дзякуй, што нагадалі. Але вы не гаворыце пра сябе. Вось вы зарэгістраваныя ў Польшчы. Адкажыце мне на пытанне: чаму да гэтай пары ў Польшчы сустракаюцца мапы, дзе польская мяжа праходзіць пад Менскам? Як гэта разумець? Рытарычнае пытанне. Можаце на яго не адказваць. Проста я хачу сказаць, што не павінна быць аднабокасці.

 Журналіст “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук таксама ўзгадаў пра будучы Дзень Волі, і пра справу Тут.бай. І спытаў: а што за сілы ў Расеі нападаюць на Беларусь, варожыя Беларусі? Хто ў Расеі вядзе супраць Беларусі інфармацыйную вайну? “Вы не горш за мяне ведаеце, якія сілы на мяне нападаюць”, — сышоў ад адказу на пытанне Лукашука Аляксандр Лукашэнка.

* * * 

„Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як шмат хто ў Расеі кажа, уключэнні Беларусі ў склад Расеі, 98% прагаласуюць супраць”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

„Беларусы сёння хочуць разам з Расеяй, але жыць у сваёй кватэры, – лічыць ён. – Што ў гэтым дрэннага? Я думаю, гэтым шляхам трэба ісці. І, абмяркоўваючы з прэзідэнтам Расеі гэтае пытанне, мы дакладна дамовіліся, што сёння ні ў якім разе нельга пераціскаць сітуацыю. Нельга рабіць тых крокаў, якія будуць на шкоду „.

На „Вялікай размове з прэзідэнтам” прысутнічаюць прадстаўнікі 40 беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. У іх ліку: прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных газет „Народная воля”, „Комсомольская правда” в Белоруссии”, „Прессбол”, „Аргументы і факты”, „Наша нiва”, інтэрнэт-парталаў tut.by, onliner.by, kraj.by. Прысутнічаюць таксама журналісты з Азербайджана, Грузіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, агенцтва Reuters і тэлерадыёкарпарацыі BBC.

Яшчэ некалькі дзясяткаў журналістаў, у тым ліку карэспандэнт БелаПАН, працуюць у прэс-цэнтры комплексу „Белэкспа”, где праходзіць мерапрыемства. Непасрэдна на сустрэчу з Лукашэнкам заяўлены прадстаўнік БелаПАН не акрэдытаваны.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа