Лукашэнка: Калі Беларусь прызнае Крым расейскім, украінцы плюнуць у мой бок



Беларусь не можа прызнаць Крым расейскім, паколькі Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца адным з падпісантаў Будапешцкага мемарандума, які пацвярджае ў тым ліку забеспячэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 1 сакавіка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам”, адказваючы на пытанне журналіста расейскай „Комсомольской правды”, ці не надышоў час Беларусі афіцыйна прызнаць уваходжанне Крыма ў склад РФ.

Паводле слоў Лукашэнкі, у апошні час ён не абмяркоўваў гэта пытанне з Уладзімірам Пуціным. „Я нават вам цяпер не магу расказаць, як мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы — Крыма, Данбаса — першапачаткова, як толькі яны з’явіліся. Але ў нас было поўнае паразуменне. І я ўжо тады падзякаваў Пуціну за яго разуменне майго становішча”, — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2014 годзе ў Кіеве пасля інаўгурацыі Пятра Парашэнкі адказваў на пытанні прэсы датычна тэрытарыяльнай прыналежнасці паўвострава. „І я ім задаў адно пытанне: скажыце, колькі загінула ўкраінцаў, якія абаранялі Крым пры нападзе, падчас захопу Крыма Расеяй? Ніводнага. А колькі прагучала стрэлаў? Ніводнага. Значыць, вы моўчкі пагадзіліся, што Крым не ваш”, — нагадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, некаторыя людзі ў Расеі патрабавалі ад беларускага прэзідэнта, каб ён прыняў прарасейскую пазіцыю па сітуацыі ў Крыме і Данбасе: „Калі ты саюзнік, калі ты прарасейскі, калі ты „пранаш” — ты павінен тое і тое зрабіць”.

У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў, што ў 1995 годзе ён быў адным з падпісантаў Будапешцкага мемарандума. „Крым афіцыйна ў маёй прысутнасці быў прызнаны тэрыторыяй Украіны, — адзначыў ён. — І я падпісаў гэты дакумент. Што вы ад мяне сёння хочаце?”

Лукашэнка дадаў, што Расеі „можа спатрэбіцца ў гэтым канфлікце такая пазіцыя Беларусі”. „Скажыце, што зменіцца пасля таго, як я цяпер, у прамым эфіры, заяўлю аб тым, што Крым наш ці Крым расейскі? Нічога. Гэта пройдзе навіной вечарам, а раніцай — забудуць, ніхто слова не скажа. На Захадзе — ну, можа, хтосьці заўважыць. У нас народ падумае: ну, Лукашэнка, чаго ты ўлез у гэта, столькі часу прайшло? Ва Украіне скажуць: „сабака” — і плюнуць у мой бок. У выніку што мы атрымаем? Разумееце, трэба глядзець далей, глыбей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што раней у Расеі яго крытыкавалі за непрызнанне незалежнасці самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Аднак, дадаў Лукашэнка, ён адмовіўся ад такога кроку з-за магчымасці ўвядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі.

Гаворачы пра ўрэгуляванне сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: „Бяда там — трэба вырашаць гэтую праблему. Не дай бог там амерыканцы размесцяць ракеты сярэдняй і малой далёкасці — мала не будзе”. Кажучы пра расейска-ўкраінскі канфлікт, ён падкрэсліў, што „паднеслі самі, сваімі рукамі, падарунак ЗША”, а таксама „разбурылі краіну”.

Першым такім „падарункам” Лукашэнка назваў вывад савецкіх войскаў з Усходняй Еўропы.

belapan.by