“Вялікая размова з прэзідэнтам”



У Беларусі прайшла трансляцыя палітычнага тэлевізійнага шоу пад назвай “Вялікая размова з прэзідэнтам”. Цягам некалькіх гадзін кіраўнік дзяржавы адказваў на пытанні журналістаў, аналітыкаў і прадстаўнікоў грамадскасці на набалелыя пытанні. Зразумела, ва ўсім гэтым мерапрыемстве прысутнічаў жорсткі сцэнарны план: ад акрэдытацыі журналістаў да забароны выкарыстоўваць ноўтбукі. У адрозненне ад прэс-канферэнцый з удзелам расейскіх журналістаў, падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам” мэтавай групай было менавіта беларускае насельніцтва. І хоць на гэтай сустрэчы не прагучалі доўгачаканыя заявы пра канкрэтныя даты правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, але асноўныя тэмы выступу Аляксандра Лукашэнкі сведчаць пра тое, што неўзабаве гэтая інфармацыя прагучыць. То бок, фактычна “Вялікая размова” – гэта размінка перад “выбарчай вакханаліяй”, якая вось-вось пачнецца ў Беларусі.

Пасля прачытання стэнаграмы сустрэчы ўзнікае ўражанне, што Аляксандр Лукашэнка з усіх сілаў імкнецца давесці аўдыторыі, што ў “Багдадзе ўсё спакойна”. То бок, ён па-ранейшаму кантралюе ў “стабільнай і квітнеючай” дзяржаве ўсе аспекты жыцця, пачынаючы ад дазволу святкавання на стадыёне “Дынама” 101-й гадавіны абвяшчэння БНР, сканчваючы геапалітычнымі пытаннямі. Гэта – пасыл частцы бюракратаў і сілавікоў, каб не расслабляліся, шукаючы яму замену на больш “энергічнага” чалавека.

Падчас выступу прадэмакратычная грамадскасць атрымала некалькі ясных мэсыджаў адносна таго, што ніякіх кардынальных пераглядаў стаўлення дзяржавы што да выбараў, палітыкі памяці (Курапаты) ці моўнай праблемы чакаць не выпадае. Так, святкаванне 101-й гадавіны БНР сёлета ўлады дазваляюць толькі на тэрыторыі дэпрэсіўнай плошчы Бангалор, на іншыя фарматы адзначэння кіраўніцтва ісці не жадае. Бадай упершыню з вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучала ягоная дакладная пазіцыя адносна скандальнага рэстарана “Паедзем паямо”, збудаванага ля Нацыянальнага некропаля Курапаты. Згодна выказванню Аляксандра Лукашэнкі, установа харчавання будзе і надалей функцыянаваць, паколькі “няма падставаў для яе закрыцця”. Адпаведна, у бліжэйшы час варта чакаць эскалацыі напружання ў Курапатах, дзе перад выбарамі ў сілавікоў узнікне жаданне прыбраць з вачэй пастаянны раздражняльнік у выглядзе няспыннай варты пікетоўцаў.

Кіраўнік Беларусі намагаецца рэтрансляваць новыя сэнсы, каментуючы так званую Саюзную дзяржаву. Відавочна, асноўныя палажэнні падпісанай у 1999 годзе Дамовы “Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”, за якую ўхапіліся сёння ў Крамлі дзеля паглыблення інтэграцыі, не адпавядаюць інтарэсам нават кіруючых эліт у Беларусі. У выніку выканання некаторых пунктаў з незалежнасцю Беларусі можна развітвацца. І выглядае на тое, што кіраўнік дзяржавы гэта ўсведамляе. Таму прагучаў ягоны жарт пра тое, што гэта Расею трэба далучыць да Беларусі, а не наадварот. Маўляў, расейскія партнёры, нагадваючы пра інтэграцыю, забываюцца на прынцып раўнапраўя. Разам з тым, уся рыторыка Аляксандра Лукашэнкі мала адпавядае іміджу прэзідэнта моцнай незалежнай дзяржавы. Ягоныя моўныя пасажы нагадваюць хутчэй хістанні “ўдзельнага князя”, які мае пэўную ступень самастойнасці (чаканіць сваю манету і нават збірае падаткі), але ўсё роўна падпарадкоўваецца волі вялікага князя.

Такім чынам, і праз чвэрць стагоддзя ўлады кіраўнік беларускай дзяржавы застаецца майстрам абсурдных выказванняў. У ягоных прамовах часта ўтрымліваюцца цалкам супярэчлівыя думкі, якія ягоныя прыхільнікі альбо апаненты могуць узяць для аргументавання сваіх непрымірымых пазіцый.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ