Аляксей Янукевіч: Лукашэнка хоча заняць нішу адзінага абаронцы незалежнасці



Выказванні Аляксандра Лукашэнкі на так званай „Вялікай размове з прэзідэнтам” паказалі, што ён хоча заняць нішу адзінага абаронцы незалежнасці Беларусі, – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Таму і прагучала такая заява, што 98 працэнтаў беларусаў на магчымым рэферэндуме пра аб’яднанне Беларусі і Расеі прагаласавалі б супраць.

Але ў той жа час Аляксандр Лукашэнка сказаў, што 101-ю гадавіну абвяшчэння БНР нельга святкаваць у цэнтры Менску, а таксама, што беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт непатрэбны.

– Ён адчувае, што народ сапраўды прыхільна ставіцца да незалежнасці і ён імкнецца сапраўдных абаронцаў незалежнасці як бы адсунуць, абмежаваць магчымасці для іх дзейнасці, а самому выглядаць такім абаронцам незалежнасці, пры гэтым не рызыкуючы раззлаваць Крэмль і прымусіць неяк больш актыўна дзейнічаць супраць самога Аляксандра Лукашэнкі.

Сваімі заявамі аб мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах Аляксандр Лукашэнка паказаў і пацвердзіў, што ўлада і ён асабіста на баку ідэйных праціўнікаў мемарыялу.

Беларускае Радыё Рацыя