Памёр нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў



Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў памёр у Санкт-Пецярбургу пасля працяглай хваробы. Яму было 88 гадоў.

Жарэс Алфёраў нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. Яго старэйшы брат загінуў на фронце, а сам ён правёў вайну ў эвакуацыі з бацькамі.

Скончыў у Мінску ў 1947 годзе сярэднюю школу з залатым медалём, паступіў на першы курс энергетычнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута, дзе правучыўся год. У сувязі з пераводам бацькі на новую працу ў Ленінград ў 1948 годзе сям’я Алфёрава пераехала, Жарэс паступіў на другі курс факультэта электроннай тэхнікі Ленінградскага электратэхнічнага інстытута. З 1953 года Алфёраў займаўся навукай, пачаў працаваць у Фізіка-тэхнічным інстытуце імя А.Ф.Ёфе. У 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1970-м стаў доктарам фізіка-матэматычных навук.

Алфёраў — аўтар больш за 500 навуковых прац і звыш 50 вынаходстваў. У 2000 годзе акадэмік стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за распрацоўкі ў паўправадніковай тэхніцы, падзяліўшы ўзнагароду з нямецкім фізікам Гербертам Кромерам.

Жарэс Алфёраў усё жыццё падтрымліваў сувязь з радзімай, быў частым госцем у Беларусі, узнагароджаны беларускімі ордэнамі Францыска Скарыны і Дружбы народаў.

„Я заўсёды вельмі высока цаніў беларускую навуку, магчыма, таму, што я сам яе частка”, — заявіў Алфёраў 23 студзеня 2014 года ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 85-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

belapan.by