З новага году ў Беларусі ўступае ў сілу дэкрэт № 5
Ён узмацняе патрабаванні да кіруючых кадраў і работнікаў. Трохгадзінная адсутнасць на працы без паважнай прычыны, невыкананне працоўных абавязкаў і з’яўленне на працоўным месцы ў нецвярозым стане — усё гэта з 2015 года стане дастатковай падставай для датэрміновага скасавання працоўнага кантракта. Як ставіцца да падобных новаўвядзенняў, журналісты запыталіся ў менчукоў:
– Магчыма да сур’ёзнага, добрага працаўніка гэты дэкрэт ніяк не датычыць.
– Ёсць дзяржаўная структура, а ёсць камерцыйная. У камерцыйнай структуры матывацыя больш моцная і там караюць рублём, падобныя дэкрэты там не патрэбныя.
– Хто прыходзіць на працу выпіўшы, я б адразу звальняла. Можна нават і тры гадзіны не чакаць.
– У прадпрыемстваў 4-дзённы працоўны тыдзень, стаяць, не прадаецца прадукцыя. Каб не плаціць чалавеку трохмесячную грашовую дапамогу, можна яго звольніць за што заўгодна – не так дыхае, не ў той бок ходзіць, што заўгодна можна прыдумаць. Гэта робіцца, каб сэканоміць дзяржаўныя грошы.
Адзначым, што ў новым дэкрэце пашыраны пералік спагнанняў. Калі цяпер гэта заўвага, вымова і звальненне, то яшчэ з’явіцца права кіраўніка пазбаўляць работніка прэміі на тэрмін да 12-ці месяцаў.
Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.