Галоўнай рэдактарцы TUT.BY прысудзілі 300 базавых велічынь (абноўлена)



“Прысуд галоўнаму рэдактару ТУТ.бай Марыне Золатавай – гэта адначасова і перамога, і параза”, – лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Золатава пакарана штрафам у памеры 300 базавых велічынь. У віну ёй пастаўлена тое, што яна не прадухіліла несанкцыянаваны доступ іншых супрацоўнікаў ТУТ.Бай да платнай падпіскі дзяржаўнага агенцтва БелТА. Але штраф стаў меншым, чым прасіў дзяржаўны абвінаваўца: замест тысячы базавых – трыста. Таксама Марыне Золатавай не забаронена займаць кіруючую пасаду. Каментуе палітык:

– Гэта, з аднаго боку, безумоўна, перамога грамадзянскай супольнасці, міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, усіх тых, хто змагаўся за Марыну Золатаву супраць гэтага прававога бязмежжа, у абарону беларускіх журналістаў. Марыну Золатаву не пакаралі забаронай на журналісцкую дзейнасць, і гэта самае галоўнае, бо гэта самая вялікая небяспека, якая магла б быць. Але, з іншага боку, абвінаваўчы прысуд вынесены, і вырак – гэта ганьба.

“Увогуле, уся гэтая справа дыскрэдытуе Беларусь у свеце. Таму гэта параза і ганьба не толькі для існуючага рэжыму, але і страты для іміджу краіны”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

* * *

Галоўны рэдактар парталу ТУТ.Бай Марына Золатава прызнаная судом Заводскага раёна Менска вінаватай па артыкуле 425 частка 2 – бяздзейнасць службовай асобы. Яна пакарана штрафам у памеры 300 базавых велічынь, або 7 тысяч 650 беларускіх рублёў. У віну ёй пастаўлена тое, што яна не прадухіліла несанкцыянаваны доступ іншых супрацоўнікаў ТУТ.Бай на плаптную стужку навінаў дзяржаўнага тэлеграфнага агентсва БелТА.

Марына Золатава адзначыла, што прысуд мягчэйшы, чым прасіў дзяржаўны абвінаваўца: замест тысячы базавых – трыста. Таксама не забаронена займаць адпаведную пасаду.

Яна пакуль што не вырашыла, ці будзе абскарджваць прысуд, таму што не вельмі верыць, што вышэйшыя інстанцыі адменяць яго.

– Я як была пераканана, так і надалей пераканана, што гэтая справа куды больш глыбокая і сур’ёзная, чым справа несанкцыянаванага ўваходу ў раздзел платнай падпіскі БелТА. Не сказала б, што справа менавіта палітычная, але разабрацца з ТУТ.Бай, незалежнымі медыя, паказаць, хто галоўны ў інтэрнэце.

На суд прыйшлі дзясяткі калегаў Марыны Золатавай, дэмакратычныя палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты. Пасля прысуду Марыну Золатаву віталі працяглымі апладысментамі.

* * *

Прызнаная вінаватай у тым, што не выканала свае службовыя абавязкі.

Суд Заводскага раёну Менску агучыў прысуд галоўрэду парталу TUT.BY Марыне Золатавай:

– Шчыра кажучы на такі прысуд я не разлічвала і не спадзявалася. Мяне ўсцешыла тое, што прысуд аказаўся больш мяккі, чым папрасіла пракурор. Пакуль хочацца адпачыць.

Справу Золатавай вёў суддзя Аляксандр Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадскім дзеячам і актывістам. Пракурор Юлія Харчэйкіна прасіла аштрафаваць журналістку на 25 500 рублёў. Суддзя зменшыў памер гэтага штрафу:

Яшчэ 6 тысяч рублёў Золатава павінна выплаціць адвакатам агенцтва БелТА. Марына Золатава на першым жа пасяджэнні паведаміла суду, што ня лічыць сябе вінаватай, бо ў яе дзеяннях адсутнічаў склад злачынства. Яе абвінавацілі ў тым, што яе падначаленыя незаконна карысталіся платнай падпіскай дзяржаўнага агенцтва, а яна не прыняла адпаведных дзеянняў.

“Дзякуй вялікі журналістам за тое, што сачылі, вялікі дзякуй маім родным, дзякуй вялікі калегам, якія падтрымлівалі ўвесь гэты час”, – дадала Марына Золатава. Яна сказала, што застаецца перакананай, што гэтая справа – больш глыбокая, чым проста платная падпіска агенцтва БелТА, што ішло пра тое, каб разабрацца з “тутбаем”, з незалежнымі медыямі, паказаць, хто галоўны ў інтэрнэце.

Яе абвінавачвалі ў бяздзейнасці службовай асобы, нібы яна не забараняла сваім супрацоўнікам карыстацца паролямі БелТА. Каментуе галоўная рэдактарка выдання „Новы час” Аксана Колб:

– Сама сума штрафу яна проста не можа быць супастаўлена з нічым іншым. Я ўжо не кажу пра тое, што была сплачанай амаль. Шкода дарэчы ўмоўная, таму мне відавочна, што гэта справа была заказана. Кім, для чаго – гэта ўжо іншае пытанне. Магчыма гэта пад выбары, магчыма гэта яшчэ пад што.

Разгляд „справы БелТА” ішоў з 12 лютага. 25 лютага суд Заводскага раёну Менску скончыў разглядаць справу галоўнай рэдактаркі парталу TUT.BY Марыны Золатавай. Крымінальны кодэкс прадугледжвае па артыкуле Золатавай пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя