Былога старшыню Гомельскага райвыканкама пасадзяць на 10 гадоў?



У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 4 сакавіка пачаліся спрэчкі бакоў па крымінальнай справе былога старшыні Гомельскага райвыканкама Аляксандра Сітніцы, які абвінавачваецца ў хабарніцтве і перавышэнні ўлады.

Дзяржабвінаваўца Павел Цішкоўскі заявіў, што віна экс-кіраўніка раёна цалкам даказаная і папрасіў суд прыгаварыць яго да 10 гадоў пазбаўлення волі. У той жа час пацярпелыя, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, адзначылі, што не панеслі ніякай шкоды ад дзеянняў Сітніцы і не бачаць у іх складу злачынства.

7 сакавіка судовыя спрэчкі працягнуцца выступленнем адваката Сітніцы.

Як раней паведамляў БелаПАН, чыноўніку інкрымінуюць шэраг эпізодаў хабараў і перавышэнне ўлады, у прыватнасці лабіраванне інтарэсаў камерцыйных структур. Сітніца пазнаёміўся з адным з камерсантаў, калі прасіў яго аказаць раёну дапамогу ў добраўпарадкаванні. Пасля гэтага кіраўнік райвыканкама аказваў прыватнаму прадпрыемству шэраг паслуг, да прыкладу, па выдзяленні зямельнага ўчастка, паскарэнні бюракратычных працэдур. Паводле версіі абвінавачання, Сітніца рабіў гэта не бясплатна. Так, ён прасіў камерсантаў аформіць на каго-небудзь аўтамабіль „Міцубісі-Паджэра”, які купіў для сябе. За рамонт і абслугоўванне аўтамабіля часта плацілі прадстаўнікі прыватнай структуры. Яны ж аплачвалі будаўнічыя матэрыялы і электраінструмент, калі Сітніца рабіў рамонт у сваёй кватэры і кватэры цешчы. „Аддзячылі” кіраўніку раёна, фінансуючы будаўніцтва лазні на дачы яго жонкі.

Згодна з абвінавачаннем, Сітніца без аплаты браў прадукты харчавання ў фірмовых крамах прадпрыемстваў: памідоры, агуркі, квашаную капусту, бараніну і каўбасу. На першым судовым пасяджэнні чыноўнік заяўляў, што прызнае віну цалкам. Пасля ён патлумачыў, што прадукты патрэбныя былі яму для прыёму дэлегацый, паколькі ў бюджэце няма такога артыкула выдаткаў.

Пацярпелымі па справе прызнаныя тры прадпрыемствы раёна, якія ў судзе прадстаўляюць іх кіраўнікі. Аднак яны не згодныя са сваім статусам пацярпелых. Усе трое заявілі, што не будуць вылучаць іскавых патрабаванняў, а страт ад дзеянняў Сітніцы не бачаць. Кіраўнікі прадпрыемстваў сцвярджаюць, што прадукты і паслугі прапаноўвалі самі. Прычыненую прадпрыемствам шкоду былы кіраўнік кампенсаваў да пачатку суда.

belapan.by