Вырашаецца лёс назвы вуліцы Лупашкі ў Беластоку
“Змяніць назву вуліцы Лупашкі ў Беластоку” – з такім заклікам да гарадскіх радных горада звярнуўся дэпутат Сейму з Падляшша Кшыштаф Трускаляскі.
Ён кажа, што падрыхтаваў такую заяву пасля шматлікіх зваротаў беластачан адносна таго, што вуліца імя Зыгмунда Шэндзеляжа “Лупашкі” – непрымальная:
– Шэндзеляж „Лупашка” не з’яўляецца героем. Ён – антыгерой. І ён не павінен мець вуліцы ў Беластоку, а таксама не павінен мець вуліцы ні ў адным польскім горадзе. Згодна з гістарычнымі крыніцамі, Лупашка і яго брыгада забілі па меншай меры 81 асобу цывільных жыхароў, уключаючы жанчын, дзяцей і старых толькі за тое, што яны былі іншага веравызнання і іншай нацыянальнасці.
У заяве, накіраванай радным Беластока, Кшыштаф Трускаляскі заклікае разгледзець пытанне перайменавання вуліцы Лупашкі да канца красавіка, у іншым выпадку ён будзе збіраць подпісы жыхароў горада, каб ініцыяваць змену назвы вуліцы. У сваю чаргу радны горада Стэфан Нікіцюк, які прадстаўляе Форум меншасці Падляшша, сказаў, што пытанне змены назвы вуліцы Лупашкі – запланаванае, але не назваў канкрэтных тэрмінаў.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток