Бярозаўскія ўлады не пускаюць прадстаўнікоў грамадскасці на сесію
Чарговы раз улады Бярозы не пусцілі прадстаўнікоў грамадскасці на сесію. Пры спробе сябры грамадскай арганізацыі “За свой горад” Таццяны Тарасевіч трапіць на сесію раённых дэпутатаў, яе не пусцілі ні як прадстаўніцу грамадскай арганізацыі, ні як звычайную грамадзянку.
“Без тлумачэння прычын намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Аляксандр Крагель стаў у дзвярах, каб я не трапіла ў залу, старшыня райсавета Аляксандр Пятроўскі нават не выйшаў, а дэпутаты прамаўчалі”, – гаворыць актывістка:
– Бачаць, што я насамрэч зацікаўлена ў тым, каб ведаць, што робяць дэпутаты, як вырашаюць пытанні. Я лічу, што гэта не сесія, а папросту падняцце рук. І яны не лічаць патрэбным, каб нехта гэта аналізаваў, бачыў і разумеў.
Паводле актывіста арганізацыі “За свой горад” Валянціна Лазарэнкава, Тарасевіч ужо другі раз не пусцілі на сесію. Хаця старшыня Берасцейскага абласнога савета Юрый Наркевіч на ранейшую скаргу адказаў, што такога не магло быць і не будзе. Кажа актывіст:
– Ці існуе закон? Мы ж зараз рыхтуемся да прэзідэнцкіх выбараў. Дык што, у межах раёна, вобласці і пракуратура, і саветы могуць рабіць што заўгодна?..
Таццяна Тарасевіч падрыхтавала скаргу ў Берасцейскую абласную пракуратуру, паколькі раённая пракуратура раней проста перанакіравала скаргу ў абласны савет дэпутатаў.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя