Экалагічнае мысленне



Хочаш выглядаць дзіваком у Беларусі? Размаўляй пра экалогію. Самая папулярная рэакцыя на адмову браць лішні пакунак у краме: “Бярыце, яны ж бясплатныя”.

Некаторыя беларусы экалогіі баяцца так жа, як беларускай мовы і мігрантаў. А нават яшчэ і болей. Вось бы дзе Ёшка Фішар ніколі не стаў бы міністрам замежных спраў. Такое адчуванне, што ў самых сваіх страшных снах некаторым беларусам уяўляецца, як нейкі неславянскай знешнасці чалавек прымушае іх на беларускай мове сартаваць смецце ці пакаваць прадукты ў паперу, а не ў пластык. Калі пачынаеш камусьці тлумачыць, што пакункі не разлагаюцца стагоддзямі і што ў акіяне з пластыку плавае цэлая выспа памерам у тры Францыі, то складваецца ўражанне, што ты тлумачыш прынцып дзеяння Вялікага адроннага калайдэра на мове суахілі. Добра, калі пачуеш у адказ, “няхай улады гэтым займаюцца”, а некаторыя проста агрэсіўна пачынаюць ледзь не каля скроні круціць і гаварыць: “Ага, сейчас же”.

Нядаўна давялося наведаць адзін дзіцячы забаўляльны цэнтр. Там мне выдалі аднаразовыя бахілы ў выглядзе пакункаў на боты. На маё пытанне: ці хаця б гэтыя бахілы яны аддаюць на перапрацоўку, прагучала грубае: “Што?! Няхай гэтым бальніцы займаюцца. Рабіць нам больш няма чаго”. Пасля такога хадзіць у гэты цэнтр расхацелася. Не хочацца плаціць за чарговую порцыю пластыку на сметніку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ