У Беларусі адтэрміноўку ад арміі плануюць даваць толькі аднойчы



У Беларусі аптымізуюць колькасць адтэрміновак ад вайсковага прызыву. У прыватнасці для працягу адукацыі яна будзе давацца аднойчы, а ў выпадку нез’яўлення ў ваенкамат прызыўнікам забароняць выезд з краіны, паведамілі 5 сакавіка ў праграме навін тэлеканала СТВ.

Плануецца таксама, што ўхілісты не змогуць быць прынятыя на дзяржаўную службу. Пра гэтыя ініцыятывы сёння расказалі прадстаўнікі міністэрстваў абароны і аховы здароўя. На тэматычным брыфінгу закранулі і тэму сацыяльнага статусу ваеннаслужачых: павышэння грашовага забеспячэння вайскоўцам тэрміновай службы, давання ім ільгот пры паступленні ў ВНУ.

„Найбольш важныя, найбольш значныя з гэтых мер — гэта ўключэнне перыяду тэрміновай ваеннай службы ў мінімальны страхавы стаж. Вельмі важная мера — льготы пры паступленні ва ўстановы адукацыі ў частцы давання першачарговага права на атрыманне жылля ў інтэрнаце. Таксама права на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на падрыхтоўчых аддзяленнях для паступлення ва ўстановы адукацыі”, — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі ГУІП Міністэрства абароны Дзяніс Фёдараў.

Згодна са звесткамі абароннага ведамства, за апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнікоў у краіне зменшылася амаль удвая. На гэты момант у Беларусі даюць 47 відаў адтэрміновак. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у СНД.

Як паведамляў БелаПАН, Аляксандр Лукашэнка 26 лютага правёў нараду з пастаяннымі членамі Савета бяспекі і абмеркаваў магчымыя змены ў пытаннях прызыву ў войска.

Лукашэнка адзначыў, што некаторыя меры для змены сітуацыі ўжо прынятыя: летась былі адмененыя адтэрміноўкі для шэрагу катэгорый, у тым ліку пракурорскім работнікам і судмедэкспертам. Адначасова ён заявіў, што гэтыя меры не прынеслі жаданага выніку, а 80% прызыўнікоў вызваляюцца ад службы ў войску для працягу адукацыі ў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ўрад падрыхтаваў праект дакумента для вырашэння праблемы камплектавання Узброеных сіл. Паводле яго слоў, плануецца ўвесці меры, „якія паспрыяюць павышэнню адказнасці за ўхіленне ад службы, а з іншага боку — зацікаўленасці грамадзян у выкананні воінскага абавязку”.

„Трэба мець на ўвазе, што за адзін раз нам будзе цяжка прыняць усе рашэнні. Хоць у нас і ёсць праблема з камплектаваннем Узброеных сіл, тым не менш яна не катастрафічная. Гэта дае нам магчымасць ісці крок за крокам, прымаючы рашэнні па дасягненні канчатковай мэты”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама неабходна падумаць над абмежаваннямі, звязанымі са станам здароўя прызыўнікоў. „Прынцып тут адзін: хлопец не павінен служыць у войску, калі ў яго сапраўды ёсць сур’ёзныя медыцынскія супрацьпаказанні для нясення службы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by