Кожны абірае па сабе
Беларускі фэйсбук – прастора даволі кампактная. Горача паспрачаешся з тым ці іншым персанажам, кагосьці адфрэндзіш, кагосьці забаніш… Чаго ў жыцці не здараецца?
Сайт “Радыё Свабода” размясціў споведзь маладой жанчыны, якая распавяла пра згвалтаванне, якое адбылося з ёй яшчэ ў школе. Пра тое, як ёй ніхто не дапамог. Наадварот – цкавалі і лічылі чалавекам другога сорту. Добра, маем яшчэ адну гісторыю нешчаслівага і нікому не патрэбнага падлетка, які перажыў сваю трагедыю, свой боль, распачаў жыць, знайшоў сябе і не пабаяўся паразмаўляць з журналістам пра набалелае.
Усё гэта адбываецца на фоне трагедыі ў Стоўбцах і спробаў нашага грамадства разабрацца ў тым, што адбываецца з моладдзю, пра што яны думаюць і чым жывуць. І тут знаходзіцца хлопец (журналіст і вядомы краязнаўца, вернік!), які кідае свой камень у фэйсбучных дыскусіях. Усё проста: дзяўчынка чатырнаццаці гадоў, якую згвалтаваў старшакласнік, выпівала разам з тым самым старшакласнікам. У кампаніі іншых тынэйджаў. Дома, пакуль маці была ў ад’ездзе… Таму сама вінаватая. Не варта піць…
Безумоўна, шмат піць не варта. Тым болей падлетку, але… рознае ў жыцці здараецца. Моманты слабасці – таксама. І каб навучыцца паводзіць сябе адэкватна, варта вучыцца. Варта мець шанец на памылку – хіба не? Не. Правінцыйны наш краязнаўца працягвае пісаць пра тое, што ўвогуле жанчынам нельга алкаголь у мужчынскай кампаніі ўжываць. Амаль шарыят, панове! І мужчынаў наш вернік-краязнаўца-журналіст параўноўвае з кім бы вы думалі? З крадзіламі. Які жах – крыўдна за нашых мужчын!
На жаль ці на шчасце, але пісьменніца і журналістка з Варшавы, якую абурыў сваімі выказваннямі малады чалавек, новыя допісы прачытаць не можа. Забаніла. І магла б не даведацца, што той забанены кансерватыўны чувак “абазваў” яе феміністкай, надзьмуўся ды пакрыўдзіўся. Хоць насамрэч пакрыўдзіў многіх. І мужчын, і жанчын, і феміністак… Затое сам ідэальны. Не п’е і не курыць. Кнігі чытае. Гісторыю роднага краю піярыць. Значыць, усё з ім будзе добра. Штосьці здарыцца – сам вінаваты: штосьці зрабіў няправільна.
Сацыяльныя сеткі, нічога асабістага, але ці так моцна адрозніваецца віртуальнае і “рэальнае” жыццё ў нашы дні? Проста ўявіце, што заўтра ў Менску або Вільні сустрэнеце апанента сваіх фэйсбучных спрэчак… Ці – барані Бог! – забаненага персанажа! Гэта ж родненькі беларускі фэйсбук! Што рабіць? Што казаць? Ды нічога. Хай з ім нічога дрэннага не здарыцца. Хіба суперажыванне прачнецца. Разуменне таго, што тэорыя і практыка – розныя рэчы… А вера без любові нічога не вартая.