У Расеі забаранілі хостэлы ў кватэрах
Дзяржаўная дума Расеі прыняла закон аб забароне размяшчэння хостэлаў у жылых памяшканнях. У Жыллёвы кодэкс РФ уносіцца праўка наступнага зместу: „жылое памяшканне ў шматкватэрным доме не можа выкарыстоўвацца для прадастаўлення гасцінічных паслуг”, інфармуе 34travel.me.
Галіна Хаванская, старшыня камітэта Дзярждумы па ЖКГ, заявіла, што ўладальнікі „кватэрных” хостэлаў часцей за ўсё не рэгіструюцца афіцыйна, не плацяць падаткі, і пракантраляваць гэтую сітуацыю немагчыма, таму што закон не дазваляе ўваходзіць у жылое памяшканне без дазволу.
Законапраектам супраць хатніх хостэлаў чыноўнікі займаюцца ўжо чатыры гады. Вакол яго было шмат шуму і незадаволенасці. Пры гэтым, як дадала Хаванская, папраўкі ў Жыллёвым кодэксе не перакрыюць ўсе шчыліны для ўтрымання хостэла ў жылых памяшканнях – трэба мяняць яшчэ і законы аб турыстычнай дзейнасці.