Светлая зайздрасць



З дзяцінства ў мяне немаведама адкуль была нейкая асаблівая сентыментальнасць да эстонцаў. Магчыма таму, што Эстонія была сама маленькай рэспублікай велізарнага Савецкага саюзу. Калі іхнія спартоўцы ці спевакі выбіваліся на вяршыню алімпу, гэта заўсёды ўспрымалася як нейкая неверагоднасць альбо нават маленькае цуда. Адным з маіх спартовых куміраў быў эстонскі велагоншчык Аава Піккуус, уражвала як юнак з маленькай вёсачкі праз шалёную канкурэнцыю здолеў узняцца на вяршыню п’едэсталаў.

Ужо ў савецкім войску я пасябраваў з некалькімі эстонскімі хлопцамі. Аб’яднала нас цікавасць да музыкі, а калі я пры знаёмстве назваў сваім новым эстонскім прыяцелям пяць-шэсць прозвішчаў іх нацыянальных герояў, то да канца нашай армейскай службы застаўся іх сябрам. У самой Эстоніі давялося пабываць толькі адзін раз – гадоў пяць таму. Уражанні ад маленькай дзяржавы на ўскрайку Еўразвязу засталіся тады толькі пазітыўныя. Стараюся не прапускаць публікацыі пра жыццё і палітыку гэтай краіны. Паводле майго, канешне суб’ектыўнага, меркавання Эстонія адзіная з усіх пятнаццаці былых рэспублік Савецкага саюзу здолела правесці паспяховыя рэформы, уладкаваць эканоміку і культуру, арганізаваць прыбытковы турызм. Пра Эстонію вельмі мала чуваць у выпусках навінаў, а гэта адзін з выразных паказнікаў пазітыўнай стабільнасці і спакойнага развіцця.

А днямі ў Эстоніі адбыліся парламенцкія выбары. Што характэрна, яна стала першай краінай у свеце, якая поўнасцю перайшла на электронную сістэму галасавання. Гэта значыць, што людзям не трэба ісці на выбарчыя дзяльніцы, прагаласаваць можна, не выходзячы з дому, націснуўшы некалькі кнопак на сваім хатнім кампутары. Прызнацца, мяне такія формы галасавання крыху насцярожваюць, паколькі жывем у час татальных тэхнічных маніпуляцый і фальшаванняў. Аднак, ніякіх асаблівых нараканняў вынікі галасавання не выклікалі, гучных скандалаў, здаецца, няма. І гэта пры тым, што на выбарах перамагла апазіцыйная Партыя рэформаў. Выяўляецца, што эстонскаму народу хочацца жыць яшчэ лепш. А ў палітыцы ж існуе міф пра тое, што выбарцы ніколі не прагаласуюць за нейкія рэформы!

Усяго ў выбарах у вышэйшы заканадаўчы орган Эстоніі ўдзельнічалі ажно 10 партый. І вось тут сапраўды можна па-добраму пазайздросціць грамадзянам гэтай краіны. Больш-менш пазнаёміўшыся з праграмамі гэтых партый, я зразумеў, што прынамсі за палову з іх гатовы быў бы аддаць свой голас. Усе палітычныя сілы ў той ці іншай ступені шануюць нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасці, што ёсць гарантам развіцця.

Адно з ключавых праграмных палажэнняў Партыі рэформ – гэта патрабаванне “адзіных паводзінаў Еўразвязу ў дачыненнях з Расеяй”. Пад гэтым „рэфармісты” разумеюць паслядоўную падтрымку антыкрамлёўскіх санкцый усімі краінамі Еўразвязу. Лідар партыі Тааві Рыйвас яшчэ ў 2015 годзе заяўляў на партыйным з’ездзе, што трэба зрабіць усё, каб падтрымаць Украіну ў яе абароне ад Расеі. Выказваючы хваляванне за Украіну, эстонцы слушна хвалююцца і за сябе – мець такога агрэсіўнага суседа як імперская Масковія – гэта сапраўдная небяспека. Невыпадкова Эстонія так спяшалася ў НАТО, а яе рэформа і мадэрнізацыя войска заслугоўваюць асаблівага захаплення.

Другое месца на гэтых выбарах заняла кіроўная сёння Цэнтрысцкая партыя на чале з прэм’ерам краіны Юры Ратасам. А вось трэцяе месца выразна паказала рост папулярнасці правай Кансерватыўнай Народнай партыі. Гэтая сіла выразна выступае за традыцыйныя каштоўнасці, супраць аднаполых шлюбаў і іншых леваліберальных прыярытэтаў. Яна таксама заклікае нарошчваць ваенны бюджэт і патэнцыял для абароны ад Расеі. Кансерватыўная Народная партыя наўрад ці ўвойдзе з кім-небудзь у парламенцкую кааліцыю і, думаецца, неўзабаве станецца асноўнай апазіцыйнай сілай.

У кожным разе амаль усе аналітыкі адзначаюць, што нейкіх рэзкіх і кардынальных зменаў у знешняй і ўнутранай палітыцы Эстоніі не адбудзецца. Гэтая краіна працягне ўмацоўваць свой суверэнітэт і развівацца далей.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ