У Берасці прайшла сустрэча з уладамі па пытанні завода АКБ
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сустрэліся са старшынёй Берасцейскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамарай Ялкоўскай. Пра гэта паведамілі карыстальнікі Viber-канала „Неравнодушные”. Актывісты задалі шэраг турбуючых іх пытанняў, датычных дзейнасці прадпрыемства кампаніі „АйПаўэр”, а таксама агучылі пазіцыю пра тое, што працягнуць змагацца за сваё здароўе, нягледзячы на запланаваны запуск завода:
– Факты Ваўкавыска, Белаазёрска, Івачэвічаў, Пінска сведчаць пра тое, што дадзены інвестар парушае ўсюды закон аб ахове прыроды. Яны кіруюцца сваімі камерцыйнымі інтарэсамі, не ў іх інтарэсах даражэй купіць. Вырашаць будзем усе разам.
Актывісты па выніках сустрэчы паведамілі, што камітэт адмовіў ім у прадастаўленні заключэння па дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, прадастаўленні інфармацыі па кропках выкідаў небяспечных рэчываў ад тэхабсталявання, маніторынгу дзейнасці завода ў рэжыме рэальнага часу і шэрагу іншых патрабаванняў. Акрамя таго, адбылася сустрэча Дзям’яна Лепясевіча і Дзмітрыя Бекалюка з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце