Геніяльная прапанова Міністэрства абароны



А вось нечага тут вучыцца ў вашых магістратурах. Трэба ў войску служыць. А тое напрыдумвалі: балонскія працэсы, магістратуры, дактарантуры. А мяжу хто будзе ахоўваць? Дзядзя Пеця з суседняга пад’езда? Міністэрства абароны Беларусі прапанавала даваць адтэрміноўку ад войска толькі адзін раз. То бок адвучыўся маладзён у тэхнікуме – і ўсё: надзявай керзавыя боты і наперад з песняй у войска. Ва ўніверсітэце ўжо атрымаецца вучыцца толькі пасля войска. Тое ж тычыцца магістратуры і дактарантуры. Спачатку трэба “духам” у войску пабыць, а потым ужо можна і навуковую ступень атрымаць. А тое, што за гэты час які-небудзь студэнт-аспірант мог бы наблізіцца да вырашэння нейкай складанай навуковай праблемы, Міністэрства абароны не хвалюе. Калі ўсе будуць у магістратурах і аспірантурах, то хто ж тады будзе служыць? І замест рэформы войска Міністэрства абароны нічога лепшага не знайшло, як прапанаваць рабіць толькі адну адтэрміноўку.

І пакуль дзесьці ўводзяць альтэрнатыўную службу для тых, хто не можа па рэлігійных ці іншых перакананнях браць зброю ў рукі, Міністэрства абароны Беларусі прапаноўвае зрабіць толькі адну адтэрміноўку. Нічога не скажаш: прагрэсіўны крок. Лепей бы вайсковую форму прыгожай зрабілі, а тое адчуванне, што яе стваралі дызайнеры, якім увогуле ніякай адтэрміноўкі не давалі на навучанне, а забралі ў войска адразу пасля дзіцячага садка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ