У Берасці аплаціць праезд можна з дапамогай смартфона



„Беларусбанк” з кампаніямі „Асіст” (партнёрам банка па аказанні паслуг інтэрнэт-плацяжоў) і „БайТэхСэрвіс” рэалізавалі пілотны праект аплаты праезду ў грамадскім транспарце Берасця.

Сэрвіс працуе праз мабільны дадатак TIX. Для таго каб ім карыстацца, трэба зарэгістравацца і прывязаць плацежную карту.

„Набыць электронны білет можна ў раздзеле дадатку „Мае квіткі”. Набыты электронны білет захоўваецца ў асабістым кабінеце карыстальніка. Аплата праезду робіцца пры ўваходзе ў транспарт з выкарыстаннем функцыі дадатку „Аплаціць” альбо шляхам сканавання QR-кода, размешчанага ў транспартным сродку”, — паведамляе „Беларусбанк”.

У выпадку праверкі праезнага дакумента кантралёру трэба паказаць электронны білет, захаваны ў мабільным дадатку.

Варта зазначыць, што беларускія банкі цяпер развіваюць новыя сэрвісы, каб зрабіць аплату праезду ў грамадскім транспарце больш зручнай.

Так, „БПС-Ашчадбанк” рэалізаваў аплату праезду ў метро з дапамогай бескантактавых карт. Паводле дадзеных банка, у 2018 годзе больш за 5,5 млн пасажыраў сталічнага метро разлічыліся за праезд новым спосабам — карткамі 130 банкаў свету больш чым з 40 краін, пры гэтым у снежні гэты спосаб разлікаў абралі больш за мільён пасажыраў.

Улічваючы высокую цікавасць менчукоў і гасцей сталіцы да гэтага сэрвісу, „БПС-Ашчадбанк” плануе пачаць рэалізацыю пілот-праекта па аплаце праезду бескантактавымі банкаўскімі карткамі на валідатарах наземнага транспарту Менска.

belapan.by