Ці стане Віктар Швед беларускім Шота Руставелі?
„Ніва” абвясціла конкурс да 90 гадавіны паэта. Рэдакцыя заклікае пісаць ўспаміны пра аўтарскія сустрэчы з Віктарам Шведам у школах. Ініцыятарка конкурсу Ганна Кандрацюк Свярубска кажа, што для яе сям’і зборнікі вершаў з аўтографам Віктара Шведа былі свайго роду пасагам ў дарослае жыццё і маральным вызначнікам:
– У нас было некалькі кніжак Віктара Шведа. І калі дзяўчына ішла замуж, то яна брала з сабой гэтую кніжку. Прыгадаўся такі грузінскі прыклад, калі дзяўчына выходзіць замуж, то ў пасаг атрымоўвае кнігу Шота Руставелі. Яна мае жыць гэтым эстэтычным прыкладам і перадаваць далей. Я хачу, каб нашыя чытачы напісалі пра свае сустрэчы з Віктарам Шведам – гэта будзе такая рэтраспекцыя ў часе.
Чакаецца, што ўспаміны будуць надрукаваныя асобнай кніжкай, а аўтары самых цікавых допісаў атрымаюць каштоўныя ўзнагароды. Допісы можна дасылаць ужо з 1студзеня 2015 года, на адрас рэдакцыі “Ніва”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя