У Гомелі адбудзецца суд супраць Дэкрэта “Аб дармаедах”



Гамяльчанка Марыя Тарасенка пры дапамозе прававога інспектара незалежнага прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі заявіла пазоў у суд адносна кампенсацыі маральнай шкоды ад дзейнасці так званай “камісіі па садзейнічанні занятасці” і чыноўнікаў з камітэта па працы і сацабароне. Марыя Тарасенка ацаніла нанесеную шкоду ў 1 тыс. беларускіх рублёў.

– Пачалося гэта ўсё ў 2016 годзе. Я ў першую версію гэтага дэкрэту трапіла. Пасля праз два гады мяне “ашчасцілі”, не паверыце, у мой дзень народзінаў. І мы з маім мужам вырашылі змагацца з гэтым у прававой плоскасці.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка перакананы, што грамадства можа дамагчыся спынення Дэкрэта “Аб дармаедах”, калі праявіць салідарнасць.

– Нам важны гэты працэс. Нам важна задаць пытанні чыноўнікам, паколькі там заяўлены ў адказчыках як “дармаедская” камісія Чыгуначнага раёна, так і чыноўнікі з Камітэту па працы і сацыяльнай абароне. Усіх грамадзян Гомеля мы заклічам прыйсці ў суд. Няхай у зале змесцяцца 40 чалавек, а добра, калі яшчэ 400 чалавек будуць стаяць пад судом.

На гэты момант, паводле заявы намесніка міністра працы Валерыя Кавалькова, у базе не занятых у эканоміцы грамадзян налічваецца каля 425 тысяч чалавек. У адноўленым Дэкрэце “Аб дармаедах” для такіх грамадзян прадугледжаныя падвышаныя тарыфы за камунальныя плацяжы, а ў некаторых выпадках прымусовая праца. Першае судовае пасяджэнне па пазове Марыі Тарасенкі супраць “дармаедскай камісіі” пачнецца 15 сакавіка а 14-й гадзіне ў Чыгуначным раённым судзе Гомеля.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель