Дзень Волі-2019: пошукі кампрамісу



У 2018 годзе грамадзянская супольнасць краіны, без усялякага сумневу, паспяхова адзначыла 100-годдзе з моманту абвяшчэння БНР. На галоўнай пляцоўцы, каля опернага тэатру ў Менску, сабраліся некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек. Усе арганізацыйныя выдаткі былі кампенсаваныя за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, што паказала, з аднаго боку, спеласць беларускага грамадства, якое лёгка абыходзіцца без дзяржавы, з іншага боку, тое, што нават пры самых мінімальных умовах (адсутнасць рэпрэсій) беларушчына квітнее. Зрэшты, не толькі ў Менску ўдалося годна адсвяткаваць 100-годдзе БНР. На высокім узроўні прайшлі святкаванні ў Гародні, Берасці, Гомелі і дзясятку іншых гарадоў. Відавочна, улады аналізавалі прычыны эмацыйнага ўздыму грамадства, якое паступова пачало верыць у свае сілы. Таму пасля кароткага перыяду адлігі наступіла чаканая рэакцыя. Мемарыяльная дошка ў гонар ІІІ Устаўной Граматы, якая мелася быць усталяванай на гістарычным будынку на вуліцы Валадарскага, так і не дачакалася адкрыцця. І вельмі сумнеўна, што гэта менавіта сталічныя ўлады пабаяліся цырымоніі адкрыцця дошкі. Хутчэй за ўсё рашэнне прымалася на самым версе, каб грамадства не забывалася на тое, хто ў доме гаспадар.

Паказальна, што забарона на правядзенне святочнага канцэрта ля Вялікага тэатра оперы і балета – другая запар. Спярша ўлады дэнансавалі неафіцыйную дамоўленасць адносна святкавання Дня Волі на адрэканструяваным стадыёне “Дынама”. Хоць арганізатары былі гатовыя заплаціць за арэнду круглую суму, у адміністрацыі стадыёна нібыта не знайшлося магчымасцей пайсці насустрач, паколькі на новым аб’еце “няма газонаў” і ўвогуле трэба рыхтавацца да Еўрапейскіх гульняў. Каб паставіць кропку ў пытанні, выказаўся падчас “Вялікай размовы” і кіраўнік дзяржавы, які заявіў, што адзначэнне Дня Волі на стадыёне “Дынама” – гэта асабістая абраза для яго. І накіраваў нязгодных у рэзервацыю на плошчу Бангалор, цудоўна ўсведамляючы, што святкаванне Дня Волі на Бангалоры – гэта асабістая абраза для беларускіх патрыётаў. Такім чынам, улады свядома правакуюць грамадства на парушэнне закону, выштурхоўваюць арганізатараў мерапрыемства ў пазапраўнае поле, каб потым мець падставы ужываць рэпрэсіі. У гэтым падыходзе – ніякай навізны. Кіраўніцтва дзяржавы проста вярнулася да звыклых практык кантроля грамадства напярэдадні і падчас электаральных падзей. Выглядае на тое, што ў бліжэйшы месяц будзе афіцыйна абвешчаная прэзідэнцкая гонка, таму ўлады імкнуцца забяспечыць сабе лепшыя стартавыя магчымасці, не дапусціць мабілізацыі грамадства на альтэрнатыўнай ідэалагічнай аснове.

Сімвалічна, што рашэнне аб забароне мітынга ля Опернага тэатра было прынята на фоне заявы прадстаўніка Дзярждэпа ЗША Джорджа Кента, які падчас візіту ў Беларусь зазначыў, што “Дазвол на правядзенне (…) 25 сакавіка гэтага года будзе расцэнены як чарговы крок наперад”. Нежаданне ўладаў Беларусі ісці насустрач імкненням грамадства азначае, што рыторыка пра наладжванне адносін з ЗША не мае пад сабой устойлівага грунту. Хутчэй за ўсё, афіцыйны Менск, гаворачы пра магчымае пашырэнне дыпламатычнай прысутнасці амерыканскіх дыпламатаў у краіне, усяго толькі дражніць расейскага тыгра, цягаючы яго за вусы.

У звязку з тым, што ўлады наўрад ці знойдуць кампраміснае рашэнне з прадстаўнікамі нацыянальна-арыентаваных колаў у справе адзначэння сёлетняга Дня Волі, то грамадзянам пара пачынаць думаць пра альтэрнатыўныя варыянты з дэцэнтралізаванымі святкаваннямі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ