Марына Адамовіч: Хто здраджвае ідэалам, не мае ні грошай, ні ідэалаў



Хутка сканчаецца 3-х гадовы тэрмін пакарання Статкевіча турэмным рэжымам, і ён павінен быць пераведзены ў калонію. Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча мела з мужам кароткатэрміновае спатканне ў магілёўскай турме №4. Гэта было другое спатканне за год.

Падчас размовы, кажа Марына Адамовіч, былі абмеркаваныя і грамадска – палітычныя тэмы. У тым ліку аб магчымым вылучэнні Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі на чарговыя прэзідэнцкія выбары

Марына Адамовіч: Другая сустрэча ў гэтым годзе цягнулася дзве гадзіны. Як заўсёды, гэта была кароткая сустрэча праз шкло, праз краты са слухаўкай, але ўсё ж такі яна адбылася. Я мела радасць і шчасце яго пабачыць!

РР: А Мікалая Статкевіча павінны перавесці ўжо ў калонію?

Марына Адамовіч: Праз літаральна тры тыдні завяршаецца трохгадовы турэмны тэрмін, на які ўё быў асуджаны рашэннем Шклоўскага суда 12 студзеня 2012 года. Так што, у прынцыпе, у гэтыя кароткія дні яго павінны этапаваць некуды ў калонію.

РР: Што вы абмяркоўвалі? Ці гаварылі пра яго магчымае вылучэнне адзіным кандыдатам?

 Марына Адамовіч: Безумоўна гэта было. Безумоўна Мікола ўдзячны за любую форму падтрымкі, якая яму можа быць выказаная ў гэтай сітуацыі. Але ён заклікае паплечнікаў, сяброў і калег па дэмакратычным лагеры да адзінства. Што тычыцца яго канкрэтных просьбаў ці зваротаў да таварышаў, то гэта я спачатку ім перадам….

РР: А калі яго ініцыятыўную групу проста не зарэгіструюць?

 Марына Адамовіч: Ведаеце, мадам Ярмошынай мы адказваць не будзем. Тое, што тычыцца мяне, я ведаю, што рабіць. Спадзяюся, што астатнія таксама ведаюць.

 РР: Ці абмяркоўвалі вы сітуацыю вакол канфлікту Расея – Україна? І як яна ўплывае на свет, на Беларусь?

 Марына Адамовіч: Вельмі коратка гэта абмяркоўвалі ў святле эканамічных наступстваў для нашай краіны. А Мікола ўжо не адзін раз выказваўся з гэтай нагоды. Яго пазіцыя вельмі вядомая. Больш за тое, не так даўно ён звярнуўся да калег па сацыял-дэмакратычным лагеры, я маю на ўвазе сусветную сацыял-дэмакратыю. Праз партыю еўрапейскіх сацыялістаў, праз сацыялістычны інтэрнацыянал з просьбай падтрымаць урад Украіны. І завершыў ён свой гэты зварот словамі, што нельга здраджваць ідэалам з-за нейкіх эканамічных выгодаў ад Расеі. Той, хто здраджвае ідэалам, як правіла, не мае ні грошай, ні ідэалаў.

РР: Да Міколы зараз працяваюць звяртацца з патрабаваннем напісання прашэння аб памілаванні?

 Марына Адамовіч: На сённяшні дзень такіх прапановаў няма.

 Па словах Марыны Адамовіч, яна перадасць меркаванні Мікалая Статкевіча аб магчымых сцэнарах прэзідэнцкай выбарчай кампаніі прадстаўнікам дэмакратычнай апазіцыі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя