Мытнікі не далі ўвезці з Літвы груз з падвышаным радыяцыйным фонам



Супрацоўнікі Гарадзенскай рэгіянальнай мытні спынілі спробу ўвозу тавараў з павышаным радыяцыйным фонам. Парушэнне выяўленае ў пункце пропуску „Катлоўка”, у які транспартны сродак літоўскай фірмы-перавозчыка прыбыў з таварам „канцэнтрат танталіту”. Гэта сыравіна для вырабу электралітычных кандэнсатараў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў многіх электронных прыладах.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, груз накіроўваўся з Літвы ў адрас казахстанскага атрымальніка. Пры ўездзе аўтамабіля Renault у пункт пропуску спрацавалі стацыянарныя сістэмы радыяцыйнага кантролю. Падчас далейшага надгляду супрацоўнікамі мытні ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі МНС усталяваны факт больш як двухразовага перавышэння радыяцыйнага фону. Дазвольныя дакументы на перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС крыніц іанізуючага выпраменьвання ў кіроўцы адсутнічалі.

Транспартны сродак з радыеактыўным грузам вернуты Гродзенскай рэгіянальнай мытняй на тэрыторыю Літвы.

Паводле дадзеных ДМК, сёння ў 20 пунктах пропуску на межах з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай функцыянуюць 40 установак радыяцыйнага кантролю транспартных сродкаў.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь