КДБ шукае беларускіх наймітаў групы Вагнера



Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі праводзіць праверку распаўсюджанай Службай бяспекі Украіны інфармацыі аб удзеле беларускіх грамадзян у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежных дзяржаў. Пра гэта паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш.

Паводле яго слоў, праверка праводзіцца ў адпаведнасці з законам „Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці”. Звесткі аб ходзе праверкі не могуць быць апублікаваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўных сакрэтах. „Мы праводзім неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Пакуль гэта ўся інфармацыя”, — сказаў Яраш.

Раней СБУ абнародавала даныя аб беларусах, якія ваююць у складзе так званай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) Вагнера, якую звязваюць з блізкім прэзідэнту РФ бізнесменам і рэстаратарам Яўгенам Прыгожыным (яго называюць „кухар Пуціна”). ПВК атрымала сваю назву ад пазыўнога, які выбраў яе кіраўнік падпалкоўнік запасу Дзмітрый Уткін. Паводле даных украінскіх спецслужбаў, наёмнікі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Сірыі, Судане і іншых краінах.

У ліпені мінулага года Кіеў паведаміў, што ў складзе ПВК Вагнера ў Сірыі ваююць 11 беларусаў. Шэсць з іх прымалі ўдзел у наступленні ў правінцыі Дэйр-Эз-Зор, падчас якога ПВК панесла вялікія страты: Руслан Бабінін, Канстанцін Гірс, Эдвард Давыдаў, Сяргей Сазанаў, Аляксандр Ступніцкі і Вадзім Юшкевіч. Пазней СБУ па запыце тэлеканала „Белсат” назвала астатніх наёмнікаў: Вадзім Аляксандравіч Васілеўскі, Вадзім Кліменцьевіч Васілеўскі, Андрэй Бакуновіч, Сяргей Кузняцоў і Уладзімір Курыненка.

У студзені гэтага года ўкраінскія спецслужбы апублікавалі даныя двух беларусаў, якія ваявалі ў складзе ПВК Вагнера ў Судане і іншых афрыканскіх краінах. Сярод іх — зноў Аляксандр Ступніцкі, а таксама Аляксей Бярговін.

„Следчымі органаў бяспекі згаданым грамадзянам Беларусі апавяшчэнне аб падазрэнні не ўручалася. Служба бяспекі Украіны на пастаяннай аснове ў рамках адпаведных міжведамасных і міжурадавых пагадненняў інфармуе спецслужбы іншых дзяржаў адносна ўдзелу іх грамадзян у незаконных узброеных фарміраваннях”, — паведамілі БелаПАН у СБУ.

belapan.by

Фота iarex.ru