У Берасці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода



Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода каля поўдня 10 сакавіка зноў сабраліся на берасцейскай плошчы Леніна. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

У 12.40, па ацэнцы праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, на плошчы знаходзілася прыкладна 150 чалавек.

Актывіст Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк паведамілі пра свае сустрэчы 6 сакавіка з кіраўніком Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам, які праводзіў асабісты прыём грамадзян. Па словах актывістаў, спачатку іх не запісалі на прыём, прапанаваўшы накіраваць пісьмовыя звароты. Да міністра ўдалося трапіць дзякуючы даверанасцям, выпісаных тымі, каго на прыём запісалі.

Па словах Лепясевіча, у яго склалася меркаванне, што Мінпрыроды не жадае прымусіць забудоўшчыка, ТАА „АйПауэр”, выконваць экалагічнае заканадаўства. Актывіст заявіў, што барацьба супраць будаўніцтва завода будзе прадоўжана, аднак не стаў канкрэтызаваць, якія захады будуць зроблены. Як лічыць Дзмітрый Бекалюк, у міністэрстве не ведаюць законаў. Ён адзначыў, што прыём у Худыкі доўжыўся 15 хвілін. „Мы не спынім барацьбу, бо многае вельмі важнае, перш за ўсё здароўе нашых дзяцей”, — сказаў Бекалюк.

У той жа дзень, 6 сакавіка, група праціўнікаў завода пабывала ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як паведаміла актывістка Алена Макарэвіч, чыноўнікі не азнаёмілі іх з вынікамі паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы завода, аднак падалі некаторую інфармацыю аб выкідах: па ўдакладненых разліках, іх быццам бы павінна быць менш. Па словах Макарэвіч, праціўнікі завода будуць падаваць заяўкі на замер выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў і не чакаць, пакуль гэта пачнуць рабіць дзяржорганы.

У 12.45 частка прысутных на плошчы прайшла па цэнтральных вуліцах горада — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”. Там яны пастаялі некаторы час, пагаварылі і разышліся. Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў. За ёй назіралі два прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта.

Будаўніцтва акумулятарнага завода вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка 2018 года прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што апасенні наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя.

У студзені 2019 года Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода. 18 лютага ў суд Ленінскага раёна Брэста пададзена скарга на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

20 лютага падчас прэс-тура галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі заявіў, што выпуск доследнай партыі акумулятараў запланаваны на сакавік гэтага года.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 69 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейскі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

belapan.by