Наталля Бімбірайтэ: Судоў над адыёзнымі асобамі пакуль не адбылося
Калі ў Херсоне з’явіліся „зялёныя чалавечкі”, тагачасная мясцовая ўлада, набліжаная да Януковіча, папросту разбеглася, а мэрыю і абласную адміністрацыю абаранялі простыя людзі. Шмат чыноўнікаў так і не вярнулася ва Украіну.
На жаль, да гэтага часу не адбылося судоў над здраднікамі, якія пакінулі горад у цяжкую хвіліну, канстатуе абаронца Херсонскай абласной адміністрацыі ў 2014 годзе Наталля Бімбірайтэ:
– Тыя людзі, якія былі на чале горада і вобласці, яны былі, прынамсі абласная адміністрацыя, гэта былі людзі набліжаныя да Януковіча. У горадзе была найлепшая сітуацыя. Тады паразбягаліся, хтосьці за мяжу, хтосьці схаваўся так, што іх не было бачна і чутна. Некаторыя былыя народныя выбранцы, напрыклад Аляксей Жураўко, знаходзіцца ў Расеі і жыве, бо проста баіцца вяртацца ва Украіну. На жаль даводзіцца канстатаваць, што такіх гучных судоў над адыёзнымі асобамі ва Украіне пакуль не адбылося.
Цяпер мясцовая ўлада ў Херсоне ўжо складаецца з выбранцаў ад патрыятычна настроеных сілаў. Расейская прапаганда па-ранейшаму мае ўплыў на думкі многіх жыхароў рэгіёну, але ў той жа час цяпер шмат людзей зразумелі хлуслівасць расейскай прапаганды і больш не вераць дэзінфармацыі, дадала Наталля Бімбірайтэ.
Кастусь Багушэвіч, Радыё Рацыя