Праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі будуць адкрытыя для ўсіх ахвотных
Праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі па выбары адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах будуць адкрытыя для ўсіх ахвотных. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
„Гэта наша пазіцыя з самага пачатку, што любы грамадзянін Беларусі можа паспрабаваць і ўзяць удзел у праймерыз, калі ён адпавядае афіцыйным патрабаванням для кандыдата і падзяляе каштоўнасці правацэнтрысцкай кааліцыі. Гэта еўрапейскі выбар, дэмакратызацыя краіны, палітычныя і эканамічныя рэформы. Праймерыз адкрытыя для ўсіх ахвотных”, — сказаў ён.
Губарэвіч адзначыў, што рашэнне аб правядзенні праймерыз будзе прынятае не раней за красавік. З незалежных кандыдатаў, якія не ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю, неафіцыйныя кансультацыі праводзіліся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Аленай Анісім і Ганнай Канапацкай. Таксама была накіраваная прапанова прадстаўнікам ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага завода ў Брэсце, якія заявілі пра намер вылучыць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пацвердзіў БелаПАН, што падрыхтоўка да праймерыз „на фінальным этапе”. Паводле яго слоў, тэрміны іх правядзення будуць прывязаныя да прэзідэнцкіх выбараў. „Калі дата выбараў будзе названая — мы ўсё абвесцім”, — удакладніў палітык.
У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць рух „За Свабоду”, Аб`яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні БХД. На гэты момант пра свой удзел у праймерыз заявілі старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, і сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец.
belapan.by