„Беларусбанк” адкрыў першы VIP-офіс



„Беларусбанк” адкрыў першы VIP-офіс. Ён пачаў працу ў будынку галаўнога офіса, размешчанага ў Менску на праспекце Дзяржынскага.

„VIP-офіс уяўляе сабой новы фармат абслугоўвання і высокага ўзроўню сэрвісу. Гэта прастора, якая заклікана садзейнічаць не толькі прымнажэнню капіталу, але і пашырэнню межаў узаемадзеяння банка і кліента ў рамках агульных каштоўнасцяў і мэт”, — гаворыцца ў паведамленні „Беларусбанка”.

Паведамляецца таксама, што перад адкрыццём VIP-офіса ў банку правялі прафесійную падрыхтоўку персанальных менеджараў і сфарміравалі для прэміяльных кліентаў каштоўнасныя прапановы, якія ўлічваюць іх патрабаванні.

У VIP-офісе ёсць зоны чакання, адасобленыя кабінеты менеджараў, індывідуальнае касавае абслугоўванне, пакой для перамоў, дзелавых сустрэч, нарад, бізнес-прэзентацый, канферэнц-колаў.

„Каманда спецыялістаў офіса забяспечвае поўную інфармацыйную і кансультацыйную падтрымку кліента. Іх галоўная задача — расказаць аб сучасных фінансавых сэрвісах на рынку прэміяльнага абслугоўвання і паказаць шырыню інструментаў, якімі можна карыстацца для захавання і прымнажэння капіталу”, — адзначае „Беларусбанк”.

У 1995 годзе ўказам Аляксандра Лукашэнкі Ашчадны банк Беларусі быў аб’яднаны з акцыянерным камерцыйным банкам „Беларусбанк” у цяперашняе ААТ „Ашчадны банк „Беларусбанк”.

Найбуйнейшы беларускі камерцыйны банк займае лідзіруючыя пазіцыі ў беларускай банкаўскай сістэме па ўзроўні ўласнага капіталу, актываў, крэдытаў, дэпазітаў. Доля дзяржавы ў яго статутным фондзе складае 98,761%. У банку абслугоўваюцца больш за 80 тысяч юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

belapan.by