У Берасці затрыманы і аштрафаваны актывіст Віталь Казак (абноўлена)
510 рублёў штрафу (20 базавых велічыняў) Казаку прысудзілі за «размяшчэнне інфармацыйных матэрыялаў нерэкламнага характару, а менавіта фатаздымкаў людзей, у месцы, не вызначаным мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі для іх размяшчэння», паведамляе svaboda.org.
Гэтым Казак парушыў правілы ўпарадкавання, таму і быў аштрафаваны паводле часткі 2 артыкулу 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
«Змясціў я плакаты, на якіх напісана „Вечная памяць“, і фатаздымкі мясцовых жыхароў, забітых у вайну. Побач былі і кветкі», — кажа Віталь Казак.
Гэтыя кветкі і плакаты Казак прынёс 11 сакавіка прыблізна а 18-й гадзіне, а пазней прыйшоў паглядзець, ці не прыбралі іх. На месцы былі камунальнікі, якія і выклікалі на Віталя Казака міліцыю.
* * *
Вечарам 11 сакавіка у Прыбужскім квартале Берасця а 22-30 затрыманы актывіст Віталь Казак. Па інфармацыі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, яго даставілі ў Ленінскі РАУС.
Нагадаем, пасля 18 гадзіны да плота будпляцоўкі, дзе нядаўна ў катлаване былі знойдзеныя парэшткі сотняў загінулых людзей, людзі прынеслі кветкі, лампадкі і фатаграфіі габрэяў. Раней сюды ўжо прыносілі траурныя вянкі і свечкі, але ўначы іх нехта прыбраў.
Сам Віталь Казак хацеў пабачыць, хто нішчыць гэтыя памятныя знакі і сфатаграфаваць вандалаў, аднак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Міліцыю выклікаў нехта з кіраўніцтва мясцовага ЖЭСу.
Пазней Уладзімір Вялічкін паведаміў, што ў дачыненні да Віталя Казака вынесена адміністрацыйная пастанова па арт 21.14 КаАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў), згодна з якой актывіста пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
Як паведамляла раней “Брэсцкая газета”, на месцы будаўніцтва элітнага квартала, абмежаванага вуліцамі Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспектам Машэрава, было знойдзена масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. На месцы будаўніцтва элітнага жылога комплексу ў гады вайны знаходзілася гета, тут адбываліся і расстрэлы габрэяў. Непадалёк знаходзіцца помнік 34 тысячам ахвяраў Брэсцкага гета.
На 6 сакавіка тут знойдзены парэшткі каля 730 чалавек. Меркавана тут іх каля тысячы.