Лукашэнка: У нас наогул ніякай дыктатуры, а поўная дэмакратыя



У Беларусі неабходна пашырыць сферу ўплыву айчынных СМІ, а таксама зрабіць захады для падвышэння даверу насельніцтва да афіцыйных масмедыя. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка на пасяджэнні Савета бяспекі, удзельнікі якога абмяркоўваюць канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі.

„Тое, чаго нам вельмі не хапае, — трэба пашырыць сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі і не баяцца выкарыстоўваць новыя формы працы ў медыяпрасторы, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Трэба навучыцца адказваць распаўсюджвальнікам фэйкаў іх жа зброяй. І мы гэта ўмеем рабіць, але чамусьці лічым: „Ды нічога, абыдзецца, пранясе”.

Як лічыць Лукашэнка, „галоўнае — хутка, выразна, максімальна поўна даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю”. „Калі гэта не зробім мы, гэта зробяць за нас, як цяпер нярэдка адбываецца. Але ведаеце, якую інфармацыю данясуць за нас, калі мы гэтага не зробім?” — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным „рабіць захады па падвышэнні аб’ёму, разнастайнасці і якасці нацыянальнага вяшчання, даверу насельніцтва да афіцыйных масмедыя”. Патрабуецца таксама прапрацаваць пытанне сістэмнага кантролю за распаўсюджваннем незаконнай інфармацыі. „Пакуль гэта робіцца час ад часу, зрэдку — з асцярогай, зрэдку — пасля разваг пра нейкія палітычныя наступствы. Усе, хто сядзяць за гэтым сталом і насупраць мяне: вы не палітыкі, вы — людзі, якія дакладна працуюць па сваім кірунку і абараняюць інтарэсы сваёй дзяржавы. Пакіньце палітыку прэзідэнту”, — падкрэсліў Лукашэнка.

„Справа не ў тым, каб камусьці абмежаваць свабоду меркаванняў, — дадаў ён. — Гэта не са мной. Натуральна, павінен быць парадак, усё павінна быць законна. Законы ў нас супердэмакратычныя, а дадаць нашу бяздзейнасць і недысцыплінаванасць — то ў нас наогул ніякай дыктатуры, а поўная дэмакратыя, якой ні ў адной краіне свету няма”.

Паводле слоў Лукашэнкі, у інфармацыйнай сферы мусіць быць парадак, але ніхто нікому не павінен закрываць рот: „У іншым выпадку, як гэта было ў нас раней у гісторыі, усё перанясуць на кухню і там будуць абмяркоўваць, як у народзе кажуць, абсмоктваць усе гэтыя пытанні. І рана ці позна гэта выплюхнецца на вуліцу. Таму гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Ды гэта і немагчыма, і не толькі таму, што ў нас інтэрнэт з’явіўся, — змянілася грамадства, планета змянілася. Таму займацца пустым не трэба — тыпу забараняць людзям выказваць сваё меркаванне. Аднак калі гэтае меркаванне выдуманае, надуманае, калі гэтая навіна, звязаная з нейкім меркаваннем, фэйкавая, выкажыце сваю пазіцыю. Паверце, праўда заўсёды пераможа”.

Лукашэнка адзначыў, што ў інфармацыйнай прасторы павінна быць зручна і бяспечна ўсім, а не асобным людзям, якія атрымліваюць выгаду за кошт інтарэсаў іншых.

Ён акцэнтаваў увагу на стане спраў у эканоміцы. „Будзе эканоміка — будзе ўсё: і бяспека, і кібербяспека, і ў СМІ будзе бяспека, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі не будзе эканомікі, ніякая інфармацыйная бяспека, канцэпцыі, законы, драконаўскія метады, палачная дысцыпліна не дапамогуць. У якім разе не будзе ў нас эканомікі, мы таксама ведаем. І гэта, на жаль, таксама завязанае на дысцыпліну і спраўнасць”.

БелаПАН