Для медыкаў будзе распрацавана новая шкала налічэння зарплаты



У Беларусі будзе распрацаваная новая шкала налічэння зарплаты медыкам, якая будзе ўлічваць спецыфіку і напружанасць працы, паведаміў міністр аховы здароўя Валерый Малашка журналістам 12 сакавіка ў Менску на адкрыцці міжнароднага форуму-выставы „Ахова здароўя Беларусі — 2019”.

Ён нагадаў, што з верасня мінулага года ўжо змянілася сістэма налічэння зарплаты ў ахове здароўя з мэтай яе падвышэння. „Паводле вынікаў 2018 года яна вырасла ў медыкаў на 20%. У гэтым даручэнне прэзідэнта выкананае”, — канстатаваў Малашка.

Аднак, паводле слоў міністра, праблемай застаецца наяўнасць у сістэме аховы здароўя больш як 30 розных надбавак і даплат, што „робіць само фармаванне заработнай платы досыць складаным”.

Ён паведаміў, што Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанавала методыку, якая Міністэрства аховы здароўя ў цэлым задавальняе. „Пакуль мы гэтую методыку выкарыстоўваем у тэорыі, каб яе прымяненне ў сістэме аховы здароўя не прывяло да памяншэння зарплаты канкрэтнага работніка. Зразумела, што ў нас шмат напрамкаў дзейнасці, якія адрозніваюцца сваёй спецыфікай і напружанасцю працы. Адпаведна, адыходзячы ад даплат за дадатковыя аб’ёмы работ, мы павінны сфармаваць дастаткова справядлівую шкалу”, — распавёў Малашка.

Далейшае ж будзе залежаць ад закладзеных у праграму рэсурсаў, дадаў ён.

„Мы сёння працуем над тым, каб канкурэнтаздольнасць месца ўрача ў Беларусі была не меншай, чым у Польшчы, каб месца было не менш аўтарытэтным, — сказаў міністр. — Вядома, гэта і ўзровень заработнай платы, і ўмовы працы. Там, дзе лекар можа развівацца, не заўсёды, напэўна, зарплата кладзецца ў аснову”.

У цэлым сацыяльная палітыка, накіраваная ў краіне на стрымліванне адтоку спецыялістаў у бюджэтнай сферы, працуе і паказвае сваю эфектыўнасць, лічыць міністр аховы здароўя. „Ацэньваючы сёння працэсы ў эканоміцы, працэсы працоўнай міграцыі, мы бачым, што з невялікіх рэгіёнаў яна стрымліваецца. Там больш актыўна даецца магчымасць будаўніцтва жылля, меншы яго кошт. Калі чалавек мае добрае працоўнае месца, зарплату, калі ў яго ёсць магчымасць пабудаваць жыллё і ёсць перспектывы жыцця ў гэтым населеным пункце, ён нічога змяняць не будзе — ён развіваецца ў той мясцовасці і ў той прафесіі, у якую прыйшоў”, — заявіў міністр.

БелаПАН