У Нясвіжы судзяць заслужанага працаўніка Вячаслава Сырыцу



У Нясвіжскім раённым судзе амаль праз год пачалося паўторнае разбіральніцтва нібыта крадзяжу 5 літраў дызельнага паліва ганаровым работнікам сельскай гаспадаркі „Сноў”, узнагароджаным за бездакорную працу ордэнам Славы, кіроўцам Вячаславам Сырыцам.

8 жніўня Сырыца даказаў, што не краў паліва, за якое пазбавілі ўсіх даплат, вывелі са складу праўлення, пазбавілі ганаровага звання.

Хаця абскарджання рашэння суда не было, старшыня агракамбінату і член Савета Рэспублікі Мікалай Радаман палічыў перамогу вадзіцеля сваім прыніжэннем і справа закруцілася паўторна ў сакавіку 2019-га, кажа сын Аляксандр Сырыца, які прадстаўляе інтарэсы бацькі ў судзе:

– Абсалютна не даказаны факт крадзяжу, любых супрацьпраўных дзеянняў. Усё грунтуецца на домыслах, на цыдулках, на даносах, на паказаннях сведкаў, якія за гэты час ужо прыдумалі сабе версію, вывучылі на памяць і ўсе разам цвердзяць адно і тое ж.

У суд прыехала 11 работнікаў агракамбіната ў якасці сведкаў з боку наймальніка. 8 з іх не мелі дачынення да інцыдэнту, кажа адзін з гэтых сведкаў – загадчык аўтагаража:

– Можа бес паблытаў, бываюць выпадкі. Я ўпэўнены, што гэта быў крадзеж.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Аляксандра Вайцешыка, фармальным повадам для паўторнага суда стала нявыплата агракамбінатам судовай дзяржпошліны.

Як паставіцца новы суддзя Дзмітрый Гвозд да юрыдычна бяздоказнай базы нібыта крадзяжу паліва ў дачыненні да Вячаслава Сырыцы, які паўвека аддаў гаспадарцы, сумленна і старанна працаваўшы, стане вядома 13-га сакавіка.

Гэты інцыдэнт ужо падарваў здароўе ў Вячаслава Сырыцы.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя