Белстат расказаў, што больш за ўсё патаннела і падаражэла ў лютым
Белстат расказаў, што больш за ўсё патаннела і падаражэла ў лютым. Найбольш падаражэлі свежыя агуркі і сеткавы газ, патаннелі цытрусавыя і грушы.
Сярод прадуктаў харчавання больш за ўсё патаннелі цытрусавыя (на 5,41 працэнта), грушы (на 4,75 працэнта), вінаград (на 2,82 працэнта), свініна (акрамя бескасцёвага мяса) – на 1,84 працэнта, цукар-пясок (на 1,71 працэнта). Падаражэлі свежыя агуркі (на 32,22 працэнта), свежая белакачанная капуста (на 12,59 працэнта), бананы (на 9,52 працэнта). Агародніна сталі даражэйшай на 11,31 працэнта, фрукты – на 2,19 працэнта. У цэлым прадукты харчавання і безалкагольныя напіткі падаражэлі на 1,2 працэнта.
Тытунёвыя вырабы сталі даражэйшымі на 0,35 працэнта, алкагольныя напіткі – на 0,92 працэнта.
Адзенне падаражэла на 0,17 працэнта, абутак патаннеў на 1,07 працэнта. Пры гэтым мужчынскія футравыя шапкі патаннелі на 3,97 працэнта, жаночыя зімовыя паліто і кажухі (паўкажушкі) са штучнага футра – больш як на 3 працэнты, дзіцячыя спадніцы з трыкатажнага палатна – на 3,25 працэнта, жаночыя зімовыя боты на нізкім абцасе – на 3,63 працэнта.
Што датычыцца паслуг, то ў сярэднім яны падаражэлі на 3,2 працэнта. Самым прыкметным было павелічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі (на 10,35 працэнта). Больш за ўсё падаражэлі сеткавы газ (на 25,57 працэнта), электразабеспячэнне (на 17,06 працэнта), карыстанне ліфтам (на 7,29 працэнта). Патаннелі паслугі чыгуначнага пасажырскага транспарту ў міжнародных зносінах (на 3,25 працэнта).
Як паведамлялася, інфляцыя ў Беларусі ў лютым склала 1,3 працэнта.