У межах урадавых праграмаў „Maluch Plus” і „Senior plus”



Сотні тысяч злотых на пабудову клубаў і пляцовак для дзяцей ды дамоў для пенсіянераў на Падляшшы. У межах урадавых праграмаў „Maluch Plus” і „Senior plus” 12 падляшскіх самаўрадаў атрымае дафінансаванне на пабудову або прыстасаванне будынкаў да гэтых мэтаў. Гэта між іншым гміны Сямятычы, Боцькі, Чорна Беластоцкая, Едвабная ды горад Сямятычы.

Дафінансаванне атрымае таксама гміна Гайнаўка на падрыхтоўку памяшканняў Экуменічнага і этнаграфічнага цэнтра для пенсіянераў, кажа войт гміны Люцына Смактуновіч:

– Мы хочам перарабіць будынак цэнтра, каб там маглі сустракацца старэйшыя людзі. Каб мы маглі імі заняцца, паказаць іншы свет – не толькі сядзець у хаце перад тэлевізарам. Закупім крыху абсталявання, можа фізіятэрапеўт будзе задзейнічаны. Хочам гэтых людзей пабудзіць да жыцця і троху імі заняцца.

Кошт усіх інвестыцыі ў рамках праграмы „Senior plus” на Падляшшы гэта 2.2 мільёна злотых. За гэтыя грошы ўзнікне 470 месцаў у дамах апекі ды клубах пенсіянераў. Адначасова 9.8 мільёна атрымаюць іншыя гміны на разбудову месцаў апекі і дзіцячых пляцовак у рамках праграмы „Maluch Plus”. Дзякуючы дафінансаванню ўзнікне 555 новых месцаў для дзяцей з цэлага ваяводства.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя