Выйшла марка з птушкай 2019 года – вялікім арляцом



Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчына” 12 сакавіка выпусціла марку і канверт з вялікім арляцом – сімвалам 2019 года. Ёй можна папоўніць сваю калекцыю або адправіць ліст сябрам.

Вялікі арлец – адна з рэдкіх драпежных птушак у свеце. У Беларусі гняздуецца значная частка сусветнай папуляцыі – 120-160 пар. Самая вялікая групоўка жыве на Альманскіх балотах. Турбаванне чалавекам птушак ля гнязда, высечкі гнездавых участкаў і гібрыдызацыя з малым арляцом – цяперашнія пагрозы захванню гэтага віду ў нашай краіне. Дапамагчы арлам можна, далучыўшыся да акцыі “Выратуй арляня!

Болей пра птушку 2019 года можна даведацца на сайце АПБ ptushki.org

У малым аркушы сем марак і адзін купон, памер аркуша 130х94 мм. На марцы прысутнічаюць лагатыпы глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый «BirdLife International» і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Намінал маркі Р адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў) масай да 20 грамаў уключна.

12 сакавіка ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Менска на вул. Маскоўскай правялі спецыяльнае гашэнне на канверце “Першы дзень”. Да выпуску маркі таксама падрыхтавалі паштовую картку з арлом для картмаксімума. Усе малюнкі для выпуску падрыхтаваў мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін. Дызайнер марак – Марына Віткоўская.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “Гэта ўжо другая беларуская марка з вялікім арляцом. Але ўвогуле ўпершыню на беларускай паштовай прадукцыі адлюстравана выкарыстоўванне сучасных тэхналогій для вывучэння птушак! На канверце першага дня мастак дадаў карту з асеннімі маршрутамі шасці беларускіх арляцоў са старонкі www.ptushki.org/eagle/. Птушкі адзначаныя на месцах зімоўкі: у Грэцыі, Турцыі, Егіпце і Эфіопіі. Для сачэння за птушкамі мы разам з эстонскімі калегамі ў рамках сумеснага праекта замацавалі на птушках невялікія GPS-GSM перадатчыкі, якія запісваюць штодзённа каардынаты птушкі, а потым скідваюць іх нам, калі птушка пралятае побач з вышкай сотавай сувязі. Цяпер адна птушка выправілася ўжо на радзіму, і седзячы дома, можна назіраць шлях да роднага гнязда вялікіх арляцоў.”

Паводле прэс-рэлізу