Еўрапарламент: Расея – болей не стратэгічны партнёр ЕЗ
Еўрапарламент перастаў лічыць Расею стратэгічным партнёрам. Прынятая адпаведная рэзалюцыя. Тэкст рэзалюцыі быў складзены на падставе дакладу, падрыхтаванага латвійскім еўрадэпутатам Сандрай Калніетэ.
Галоўныя прычыны гэтага – анэксія Крыму, «непасрэдны і апасродкаваны» ўдзел у канфлікце ва Украіне, а таксама парушэнне тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі і Малдовы. У дакладзе таксама згадваецца атручэнне Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры, кібератакі, меркаваныя сувязі Расеі з «папулісцкімі сіламі» ўнутры ЕЗ, пераслед у Расеі апазіцыйных актывістаў і праваабаронцаў.
Нарошчваць супрацу можна будзе толькі, калі Расея цалкам выканае Менскія пагадненні і пачне выконваць міжнароднае права. «ЕЗ застаецца адкрытым да ўзмацнення адносін і да дыялогу», – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Паводле eadaily.com