Кангрэс ЗША прыняў чатыры пастановы супраць Крамля і асабіста Пуціна



У ЗША палата прадстаўнікоў Кангрэсу прыняла ажно чатыры дакументы, скіраваныя супраць ураду РФ і асабіста прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведаміла прэс-служба ніжняй палаты Кангрэсу.

У адным з прынятых дакументаў гаворыцца пра тое, што адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа павінна будзе правесці расследаванне, скіраванае на выяўленне патаемнага багацця расейскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна. Адказваць за гэта будзе дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША, а таксама сакратары Дзрждэпартаменту і Міністэрства фінансаў ЗША. Экспертам належыць ацаніць памер актываў расейскага прэзідэнта, пры тым не толькі яго асабісты капітал, але таксама крыніцы даходаў і холдынгавыя кампаніі, якія ён можа кантраляваць і выкарыстоўваць.

Яшчэ адзін законапраект забараняе ўраду ЗША юрыдычна ці фактычна прызнаваць Крым расейскай тэрыторыяй. 427 кангрэсменаў падтрымалі рэзалюцыю, і толькі адзін рэспубліканец прагаласаваў супраць.

„Палітыка Злучаных Штатаў палягае ў тым, каб не прызнаваць дэ-юрэ ці дэ-факто суверэнітэт Расейскай Федэрацыі над Крымам, яго паветранай прасторай ці тэрытарыяльнымі водамі”, – адзначаецца ў дакуменце.

У трэцяй рэзалюцыі Кангрэс асудзіў Пуціна за скрыванне падрабязнасцяў забойства Барыса Нямцова. Дакумент заклікае Расею правесці міжнароднае расследаванне злачынства. Датычных да забойства прапануецца дадаць у санкцыйныя спісы. Рэзалюцыя мае рэкамендацыйны характар і павінна быць ухвалена Сенатам.

Чацвёрты прыняты дакумент абавязвае дырэктара Нацыянальнай выведкі ЗША цягам 90 дзён прадаставіць справаздачу пра магчымыя ваенныя дзеянні РФ супраць краін НАТО і спробах Расеі „выкарыстаць слабасць і супярэчнасці паміж яе заходнімі супернікамі”. Таксама мяркуецца пралічыць магчымыя дзеянні Масквы на працэс узмацнення амерыканскай прысутнасці ва Усходняй Еўропе.

Беларускае Радыё Рацыя